2015-09-29 12:52:00

Папа і Касцёл у абароне непаўналетніх


Вялікую цікавасць СМІ выклікала незапланаваная папярэдне сустрэча Святога Айца з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў. Яна адбылася 27 верасня 2015 г. у Філадэльфіі. Аб важнасці гэтай падзеі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё выказаўся кс. Фэдэрыка Ламбардзі. “Адметнасцю спаткання Папы з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў стала тое, што гэта не былі выключна ахвяры  злоўжыванняў, здзейсненых духавенствам або ў каталіцкіх установах. Яно мела больш шырокі характар. Мы ведаем, што большасць сексуальных злоўжыванняў або выпадкаў выкарыстання непаўналетніх, не з’яўляецца справай святароў і адбываецца не ў касцёльных установах, але ў цалкам іншых месцах”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Такім чынам, Папа пашырыў перспектыву. Людзі, з якімі ён сустрэўся, прадстаўлялі таксама і іншыя сітуацыі, і Касцёл таксама хоча дапамагчы ім. Бо Касцёл не толькі вельмі засмучаны цяжкімі злачынствамі некаторых сваіх членаў, але і адчувае сябе адказным за ўсіх дзяцей у свеце, і, такім чынам, спрабуе зрабіць свой уклад у гэту справу, падкрэсліў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду. 

Кс. Ламбардзі лічыць, што вопыт Касцёла ў сферы паглыблення прафілактыкі і абароны непаўналетніх павінен быць даступны для ўсяго грамадства, розных устаноў, у тым ліку іншых рэлігійных супольнасцяў. Ён заклікаў не забывацца аб мільёнах дзяцей, гвалтаваных у Індыі. Яны не католікі, і яны не з’яўляюцца ніякім чынам ахвярамі злоўжыванняў з боку католікаў, але мы таксама павінны клапаціцца і пра іх. Такім чынам, Касцёл прапануе своеасаблівую культуру абароны і павагі да непаўналетніх, сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

У мінулую нядзелю ў Філадэльфіі  на тэрыторыі мясцовай духоўнай семінарыі Францішак прыняў 5 ахвяр сексуальных злоўжыванняў – 3 жанчыны і 2 мужчын.

Папа выслухаў іх сведчанні, а затым звярнуўся з кароткім словам і паразмаўляў з кожным асобна, выказваючы сваё разуменне іх пакутам, свой боль і пачуццё сораму, асабліва, калі гаворка ідзе пра траўмы, нанесеныя з боку духавенства і супрацоўнікаў касцёльных устаноў. Пантыфік пацвердзіў сваю асабістую прыхільнасць і прыхільнасць Касцёла, каб усе пацярпелыя былі пачуты, і каб несправядлівасць была выпраўлена, а вінаватыя былі пакараны. Ён падкрэсліў, што такога роду злачынствы павінны перамагацца эфектыўнай прафілактыкай у Касцёле і ў грамадстве.








All the contents on this site are copyrighted ©.