2015-09-29 15:10:00

На Ватыканскім радыё новы праграмны дырэктар


На Ватыканскім радыё новы праграмны дырэктар – кс. Анджэй Маеўскі. Польскі езуіт змяніў на гэтай пасадзе свайго суайчынніка і сабрата, кс. Анджэя Капроўскага. Некалькі гадоў таму ён ужо працаваў у папскай радыёстанцыі ў якасці кіраўніка польскай рэдакцыі. Намінацыйны дэкрэт 29 верасня 2015 г. яму ўручыў асабіста кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, які непасрэдна перад гэтым узначаліў у капліцы Ватыканскага радыё св. Імшу. На ёй быў прысутны таксама Генеральны дырэктар радыёстанцыі – кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Новы праграмны дырэктар нарадзіўся ў 1961 г. у польскім горадзе Жары. У сярэдняй школе ён узначальваў унутрышкольнае радыёвяшчанне. У 1980 г. уступіў у Ордэн езуітаў. Праз чатыры гады быў адпраўлены на два гады стажыроўкі на Ватыканскае радыё. Пасля вяртання ў Польшчу ён працягнуў вучобу, але пасля яе заканчэння, у 1991 г. вярнуўся на папскую радыёстанцыю, дзе ў 1995-2001 гг. узначальваў польскую рэдакцыю. З 2001 г. па 2015 г. знаходзіўся ў Польшчы, дзе, між іншым, на працягу шасці гадоў узначальваў каталіцкую рэдакцыю на польскім тэлебачанні.

Ён неаднаразова прымаў удзел як журналіст у пілігрымках Яна Паўла II і ўвайшоў у гісторыю дзякуючы першаму ў гісторыі тэлеінтэрв’ю з Пантыфікам. Яго польскаму езуіту даў Бэнэдыкт XVI 20 верасня 2005 г. у Кастэль Гандольфа.

Бацька кс. Маеўскага нарадзіўся ў парафіі Дунілавічы сучаснай Віцебскай дыяцэзіі.

Кс. Анджэй Капроўскі развітаўся з супрацоўнікамі Ватыканскага радыё, дзякуючы ім за плённае супрацоўніцтва. Ён будзе працягваць сваё служэнне ў санктурыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.