2015-09-29 12:03:00

Абвешчана тэма 50-га Сусветнага дня сродкаў камунікацыі


“Камунікацыя і міласэрнасць – плённая сустрэча”, – так гучыць тэма 50-га Сусветнага дня сродкаў сацыяльнай камунікацыі. Яна была абвешчана 29 верасня 2015 г., у свята Святых Арханёлаў, адзін з якіх – св. Габрыэль – лічыцца апекуном сродкаў масавай камунікацыі.

Узгаданае свята – гэта адзіны сусветны дзень, устаноўлены Другім Ватыканскім Саборам, і ён святкуецца ў многіх краінах свету ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. Упершыню яго адзначылі ў нядзелю 7 мая 1967 г. На гэты Дзень Пантыфік заўсёды кіруе сваё пасланне. Яно публікуецца ў свята св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, 24 студзеня.

У сваім першым пасланні да гэтага Дня папа Францішак заклікаў супрацоўнікаў СМІ спрыяць культуры сустрэчы ў свеце, які застаецца глыбока падзеленым і пакутуе ад шматлікіх форм маргіналізацыі, беднасці і канфліктаў, па эканамічных, палітычных, ідэалагічных і рэлігійных прычынах. “У гэтым свеце медыя могуць дапамагчы стаць бліжэй адно да аднаго, па-новаму зразумець сэнс адзінства чалавечай сям’і, што падштурхне да салідарнасці і сур’ёзнай дзейнасці на карысць больш годнага жыцця”, - напісаў ён у 2014 г.

Мінулагодняе пасланне было звязана з тэмай сям’і. Чалавек пачынае вучыцца камунікацыі яшчэ прабываючы ва ўлонні маці, якое можна лічыць першай “школай” камунікацыі, нагадаў Папа. Ён дадаў, што менавіта ў сям’і людзі вучацца ўзаемнай падтрымцы, разуменню значэння позірка і маўчання, вучацца смяяцца і плакаць разам і разумець камунікацыю, як “будаванне блізкасці”. 

Францішак закрануў таксама тэму сучасных медыя і іх ролі ў сям’і. Акрамя дапамогі ў камунікацыі, яны могуць таксама і перашкаджаць ёй, калі становяцца спосабам пазбягання фізічнай прысутнасці і ўцёкаў ад цішыні. Трэба вучыць моладзь таму, што тэхналогіі павінны спрыяць сустрэчы, і што ў камунікацыйным асяроддзі трэба жыць паводле крытэрыяў годнасці чалавечай асобы і супольнага дабра, падкрэсліў ён у сваім мінулагоднім пасланні на Сусветнага дня сродкаў сацыяльнай камунікацыі, спасылаючыся на сёлетні Сінод Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства, які пачнецца ў Ватыкане ўжо на бягучым тыдні.








All the contents on this site are copyrighted ©.