2015-09-26 10:53:00

Францішак наведаў каталіцкую школу ў Гарлеме


25 верасня 2015 г. папа Францішак наведаў каталіцкую школу "Маці Божай Каралевы Анёлаў" у Гарлеме – раёне ў паўночнай частцы Нью-Ёрка, дзе пражывае пераважна афраамерыканскае насельніцтва і захоўваецца высокі ўзровень злачыннасці. Тут Святы Айцец сустрэўся з моладзю і сем’ямі эмігрантаў, якіх заклікаў не баяцца прыгожых мараў.

На пачатку візіта Пантыфік затрымаўся на прыступках перад школай доўга вітаючы моладзь і настаўнікаў, якія жадалі паразмаўляць з высокім госцем і зрабіць фота на памяць. Акрамя арцыбіскупа Нью-Ёрка кардынала Цімаці Долана, Святога Айца суправаджаў мэр амерыканскага мегаполіса Бэл дэ Блазіо. У школе Папа спаткаўся таксама з групай эмігрантаў з краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, якія падзяліліся з ім сваімі жыццёвымі гісторыямі.

Францішак заўважыў, што цяжкасці, звязаныя з пераездам, пошукам новага дому, новых суседзяў і сяброў, вывучэннем новай мовы і інтэграцыяй у новую культуру маюць і іншы бок – яны знаёмяць з новымі людзьмі, “якія адкрываюць перад намі свае дзверы і дэманструюць сваю пяшчотнасць, сяброўства, разуменне і намагаюцца дапамагчы, каб мы не адчувалі сябе чужакамі, замежнікамі”.

Францішак параўнаў школу з “вялікай сям’ёй, у якой разам з маці і бацькамі, дзядулямі, настаўнікамі і сябрамі” юнакі і дзяўчаты вучацца “дапамагаць адно аднаму, дзяліцца добрымі якасцямі, каб даць з сябе найлепшае, працаваць як каманда і рэалізоўваць свае мары”.

“Пастар Марцін Лютэр Кінг аднойчы сказаў: “маю мару”, каб многія людзі мелі раўныя магчымасці”, - нагадаў Пантыфік і заклікаў моладзь не губляць надзеі на лепшы свет. “Вы маеце права, каб марыць і я вельмі радуюся, што тут, у гэтай школе, у вашых сябрах і настаўніках, можаце знайсці неабходную падтрымку”, сказаў Папа. “Там, дзе ёсць мары – ёсць радасць”, - дадаў ён.

На заканчэнне сустрэчы Францішак даў школьнікам хатняе заданне: “Прашу не забываць маліцца за мяне, каб мог дзяліцца з мноствам людзей радасцю Езуса”, сказаў ён.

У школе Маці Божай Каралевы Анёлаў у Гарлеме вучыцца 282 школьнікі ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў. Большасць з іх паходзіць з Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Блізкага Усходу.








All the contents on this site are copyrighted ©.