2015-09-26 13:05:00

Святы Айцец: Бог жыве на вуліцах сучасных гарадоў


Каля 80 тыс. чалавек розных нацыянальнасцяў, колераў скуры і веравызнанняў віталі папу Францішка па дарозе з гарлемскай школы “Маці Божай Каралевы Анёлаў” да спартыўна-забаўляльнага комплексу “Мэдысан-Сквер-Гардэн”, у якім 25 верасня 2015 г. ён узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру і справядлівасці. Маршрут праз Цэнтральны парк у Нью-Ёрку Святы Айцец пераадолеў на папа-мабіле вітаючы дзесяткі тысяч радасных гараджан.

У сваёй гаміліі Францішак заўважыў, што вялікія гарады хаваюць сапраўдныя багацці, да якіх адносіцца разнароднасць культур, традыцый і гістарычных досведаў, але таксама абліччы ўсіх тых людзей, якія здаецца да іх не належаць ці лічацца людзьмі другога гатунку: чужынцаў, дзецяй, якія не вучацца, асобаў пазбаўленых медыцынскага забеспячэння, бяздомных, забытых пажылых людзей. Усе яны “стаяць на ўзбочынах вялікіх артэрый, на нашых вуліцах, у аглушальнай ананімнасці. Яны пераўтраваюцца ў частку гарадскога краявіду, які паступова становіцца натуральным перад нашымі вачыма і асабліва ў нашым сэрцы”, сказаў Францішак.

Паводле Папы, веданне аб сапраўднай прасутнасці Езуса на сучасных гарадскіх вуліцах, напаўняе надзеяй, “якая вызваляе ад пустых “злучэнняў”, ад абстрактных аналізаў ці патрэбы ў вялікіх эмоцыях. Гэта надзея, дазваляе ўбачыць, нават пасярод смогу, прысутнасць Бога, якія надалей крочыць па уліцах сучасных шматкультурных гарадоў, сказаў Святы Айцец.

Францішак ўзгадаў словы прарока Ісаі, які апісваў Пана, як “Цудоўнага дарадчыка, Моцнага Бога, Спрадвечнага Айца, Валадара супакою”. Менавіта ў гэтых якасцях Езус заклікае вучняў, каб выходзілі і сустракалі іншых людзей там, дзе яны ёсць на самой справе, а не там дзе здаецца павінны быць. Пан крочыць побач з людзьмі і ўваходзіць у іх жыццё, у дамы і прабывае пасярод “хатняга начыння”, як любіла казаць св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса.

Ніхто і нішто не можа адлучыць ад любові “спрадвечнага Айца” і неабходна абвяшчаць усім аб Яго міласэрнасці, сказаў Папа. Езус, сапраўдны “Валадар супакою”, які бароніць ад ананімнасці, пустога жыцця, эгаізму, суперніцтва і ўводзіць у школу сустрэчы і міру.

Напрыканцы сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што Касцёл жадае быць у сучасных гарадах нібыта зачынам у цесце, прагне ўстанавіць адносіны з усімі, абвяшчаючы Бога. “Народ, які хадзіў у цемры ўбачыў вялікае святло, а мы, хрысціяне, з’яўляемся сведкамі гэтага святла”, - дадаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.