2015-09-26 09:28:00

Папа ў мемарыяле “Ground Zero”: будзем прарокамі міру


25 верасня 2015 г. папа Францішак наведаў Нацыянальны мемарыял і музей 11 верасня – комплекс, пабудаваны на месцы разбураных у 2001 г. вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і вядомы таксама як мемарыял “Ground Zero”.

Пантыфік прывітаў сваякоў ахвяраў найбуйнейшага тэрарыстычнага акту ў гісторыі ЗША і некаторых пажарнікаў, якія аддалі жыццё ратуючы людзей, што апынуліся пад руінамі разбураных хмарачосаў. У памяць аб іх Папа ўсклаў белую ружу каля паўднёвага фантану мемарыяльнага комплексу і правёў там некалькі хвілін у маўклівай малітве. 

Кожны акт тэрору “ніколі не з’яўляецца безасабовым, абстрактным ці выключна матэрыяльным, але заўсёды мае аблічча, канкрэтную гісторыю, імёны”, сказаў Святы Айцец у прамове, якая папярэднічала міжрэлігійнай малітве аб міры і прайшла тут пры ўдзеле прадстаўнікоў дванаццаці розных веравызнанняў. Францішак назваў мемарыяльны комплекс “маўклівым крыкам асобаў, якія сталі ахвярамі ментальнасці, што ведае толькі насілле, нянавісць і помсту”.

Папа заўважыў, што хоць амерыканскі мегаполіс можа здавацца ананімным, але менавіта ў хвіліну трагедыі тут праявілася “поўня велікадушнасці і служэння”, а “у працягнутых руках было падаравана жыццё”. Пантыфік звярнуў увагу на гераізм “нью-ёрскіх пажарнікаў, якія ўваходзілі пад хмарачосы, якія разбураліся, не клапоцячыся пра ўласны лёс”. Многія з іх загінулі, але выратавалі жыццё шматлікім людзям. “Гэта месца смерці стала гімнам трыумфу жыцця над прарокамі разбурэння і смерці, дабра над злом, паяднання і еднасці над нянавісцю і падзеламі”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў удзельнікаў міжрэлігійнай малітвы да будавання адзінства на фундаменце адметнасцяў, каб сказаць “не” усялякім спробам стварэння штучнай аднастайнасці.

Пасля хвіліны маўчання Пантыфік пажадаў, каб дзейнасць на карысць міру ажыцяўлялася ў дамах, сем’ях, школах, супольнасцях і асабліва ў месцах, дзе трываюць войны. “Будзем імкнуцца быць прарокамі не разбурэння, а будавання, прарокамі паяднання, прарокамі супакою”, - сказаў ён. На заканчэнне прамовы Францішка міжнародны моладзевы хор выканаў спеў аб міры, а прысутныя абмяняліся знакам супакою. 








All the contents on this site are copyrighted ©.