2015-09-26 17:12:00

Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю ў Філадэльфіі


26 верасня 2015 г. папа Францішак прыбыў у Філадэльфію, каб прыняць удзел у VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў. Першым пунктам яго візіту ў гэтым горадзе стаў архікатэдральны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла. Тут Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовага духавенства і жаночых манаскіх супольнасцяў.

У сваёй гаміліі Папа паразважаў над выпадкам з жыцця святой Кэтрын Мэры Дрэксель, законніцы і ўраджэнкі Філадэльфіі. Аднойчы яна апавядала папу Льву ХІІІ аб патрэбе мясцовага Касцёла ў місіянерах, на што Пантыфік у яе спытаў: “А ты, што будзеш рабіць?”. Гэтыя словы змянілі жыццё законніцы, бо нагадалі, што кожны хрысціянін, у сілу свайго хросту, атрымаў місію. 

Папа заклікаў духавенства і законніц Філадэльфіі дапамагчы споўніць гэтую місію, асабліва ў сферы дапамогі патрабуючым і служэння Касцёлу, мясцовай моладзі, якая мае высокія ідэалы і любоў да Хрыста. Неабходна дапамагчы ўсім вернікам узрастаць у пачуцці адказнасці за місію Касцёла, заўважыў ён.

Францішак падкрэсліў, што ў актуальным грамадстве, якое хутка змяняецца, Касцёл патрабуе больш актыўнага ўдзелу свецкіх вернікаў. Папа нагадаў, што ў Злучаных Штатах Касцёл надае вялікую ўвагу катэхізацыі і адукацыі – прасторам для актыўнага супрацоўніцтва са свецкімі і іх духоўнай падтрымкі. Асаблівым чынам Святы Айцец пажадаў з павагай адносіцца да ўкладу свецкіх жанчын і законніц, у жыццё мясцовых каталіцкіх супольнасцяў.

Пасля св. Імшы Пантыфік прыме ўдзел у сустрэчы на тэму рэлігійнай свабоды, разам з іспанамоўнай часткай філадэльфійскага грамадства і іншымі эмігрантамі, а таксама ў малітоўным чуванні ў рамках Сусветнай сустрэчы сем’яў.








All the contents on this site are copyrighted ©.