2015-09-25 13:43:00

Папа да законнікаў ЗША: вучыцца адпачываць па-іншаму


Францішак падзякаваў за адданую працу амерыканскім кансэкраваным асобам. 24 верасня 2015 г. ён узначаліў Нешпары з іх удзелам у катэдры св. Патрыка ў Нью-Ёрку. Да раней падрыхтаванага тэксту казання Папа дадаў ад сябе цёплыя словы ўдзячнасці ў адрас законных сясцёр і амерыканскіх жанчын, без якіх - як сказаў - не было б Касцёла ў гэтай краіне.

“Святары і законнікі запрошаны ў сваім пакліканні знайсці і выпраменьваць трывалае задавальненне, што зыходзіць ад удзячнага сэрца”, - сказаў Святы Айцец. У якасці другога стаўпа духоўнага жыцця ён назваў “дух цяжкай працы”, але, у той жа час, перасцярог ад вымярэння душпастырскай працы такімі “бізнес-катэгорыямі”, як прадуктыўнасць, добрае кіраванне і знешні поспех. Пантыфік падкрэсліў, што “сапраўднае значэнне нашага апостальства вымяраецца каштоўнасцю, што яна мае ў вачах Бога”.

Ён звярнуў увагу на пытанне вольнага часу ў жыцці духавенства і “пагрозы, што з’яўляюцца, калі мы рэўнасна адносімся да нашага вольнага часу і думаем, што акружэнне сябе мірскімі выгодамі дапаможа нам лепш служыць”. Як сродак супраць гэтай спакусы Папа прапанаваў “блізкасць да бедных, бежанцаў, мігрантаў, хворых, эксплуатаваных, самотных пажылых, зняволеных і ўсіх іншых бедных Бога”. Менавіта блізкасць з імі можа навучыць іншаму спосабу адпачынку, больш хрысціянскаму і шчодраму, лічыць Святы Айцец.

Францішак выказаў падзяку ўсім святарам і законнікам ЗША, якія з радасцю і адданасцю нястомна служаць Касцёлу, нягледзячы на тое, што пацярпелі ў нядаўнім мінулым, “зносячы сорам з-за некаторых братоў, якія пакрыўдзілі і прычынілі боль Касцёлу ў самых далікатных яго членах”.








All the contents on this site are copyrighted ©.