2015-09-24 11:33:00

Францішак кананізаваў “апостала Каліфорніі”


Папа Францішак заклікаў вернікаў даваць радаснае сведчанне Евангелля праз самаахвярнасць і дзяленне з іншымі. 23 верасня 2015 г. у катэдральным касцёле Вашынгтона ён узначаліў кананізацыю благаслаўлёнага Хуніпера Сьеры, іспанамоўнага місіянера-францішканіна, заснавальніка каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі ў Злучаных Штатах Амерыкі.

У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што дух гэтага свету заклікае да канфармізму, але радасць хрысціяніна заключаецца ў выкананні паслання Хрыста: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле”. Папа заклікаў абвяшчаць Добрую навіну без страху, забабонаў, высакамернасці і пурызму ў адносінах да тых, хто згубіў радасць жыцця.

Паводле Святога Айца, місія ніколі не нараджаецца ад дасканала распрацаванай праграмы ці добра структураванага падручніка, але ад жыцця. “Місія нараджаецца ад адзінага ці шматразовага досведу намашчэння міласэрнасцю Бога”, - сказаў Папа.

“Божы народ здольны праходзіць пыльнымі дарогамі гісторыі, часта пазначанымі канфліктамі, несправядлівасцю і насіллем, каб ісці наперад і знаходзіць сваіх дзяцей і братоў”, - перакананы Францішак. Пантыфік лічыць, што Божы народ баіцца не памыліцца, а закрыцца ў сабе, стаць элітарным, прывязаным да ўласнай бяспекі. “Ён ведае, што закрытасць, у сваіх шматлікіх формах, гэта прычына глыбокай апатыі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Сённяшнія вернікі з’яўляюцца спадкаемцамі мужнага місійнага духа шматлікіх асоб, што не жадалі “закрывацца ў структурах, якія давалі фальшывае пачуццё бяспекі”, у той час, як вонкі было мноства прагнучага народу, падкрэсліў ён. Адным з такіх людзей быў св. Хуніпера Сьера, які пакінуў уласную зямлю, звычкі, меў адвагу адкрыць новыя шляхі, каб ісці насустрач многім людзям з павагай да іх традыцыі і адметнасцяў, сказаў Папа. 

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак нагадаў, што дэвізам св. Хуніпера Сьеры былі словы: “Заўсёды наперад”. Ён заклікаў вернікаў наследаваць францішканіна і заўсёды ісці туды, дзе чакаюць Бог і браты.

Пасля Эўхарыстыі Францішак здзейсніў кароткі візіт у семінарыю св. Яна Паўла ІІ у Вашынгтоне, а затым накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру, якая стала яго рэзідэнцыяй падчас знаходжання ў горадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.