2015-09-23 10:36:00

Пантыфік завяршыў візіт на Кубу сустрэчай з сем’ямі


Сям’я – гэта школа чалавечнасці, нават калі і не бывае дасканалых бацькоў, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з кубінскімі сем’ямі 22 верасня 2015 г. у катэдральным касцёле Сант’яга-дэ-Куба. Святы Айцец благаславіў усіх цяжарных жанчын, якія знаходзіліся ў святыні, а таксама тых, якія сачылі за падзеяй праз медыя.

У сям’і чалавек вучыцца таму, “што кожны мае патрэбу ў іншым”. Калі знікнуць “сямейныя моманты”, як здараецца ў многіх сучасных культурах, тады “ўсё будзе імкнуцца да падзелу і ізаляцыі”, сказаў Папа. Паводле яго, у такой сітуацыі “людзі пераўтвараюцца ў ізаляваных індывідуумаў, якімі лёгка маніпуліраваць і кіраваць”. Святы Айцец заклікаў клапаціцца аб сем’ях, якія з’яўляюцца “сапраўднай школай заўтрашняга дня”, сапраўднай “прасторай свабоды”, “цэнтрам чалавецтва”. Адносіны паміж членамі сям’і ён назваў фундаментам і асновай нашых дзён.

Францішак адзначыў, што ў сям’і людзі пакліканы “шукаць лепшага для іншых”. “У добрай сям’і эгаізм слабее”, а калі знікае сямейнае жыццё, пачынае дамінаць. Людзі прызначаюць цэнтральнае месца сабе “і не ведаюць ні салідарнасці, ні братэрства, ні супрацоўніцтва, ні любові, ні дыялогу”, сказаў Папа. Паводле яго, менавіта ў штодзённых сямейных адносінах праяўляецца Божая любоў і дзейнасць Святога Духа. Папа заклікаў не баяцца спрэчак, і прызнаўся, што больш палохаецца, калі некаторыя сужэнствы, муж і жонка, сцвярджаюць, што паміж імі ніколі не здараецца сварак.  

У завяршэнні сваёй прамовы Францішак адзначыў, што сустрэча з кубінскімі сем’ямі стала кульмінацыйным момантам яго падарожжа на востраў. Ён нагадаў, што праз некалькі дзён прыме ўдзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе ў Філадэльфіі і заклікаў маліцца ў інтэнцыі сучаснай сям’і.

Пасля кароткай цырымонія развітання ў аэрапорце Сант’яга-дэ-Куба Святы Айцец накіраваўся ў Вашынгтон, адкуль пачне сваёй падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.