2015-09-22 14:36:00

Папа на Кубе: перажыць рэвалюцыю пяшчоты


22 верасня 2015 г. папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю ў санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над евангельскім апавяданнем пра наведзіны Марыяй яе пажылой і цяжарнай сваячкі Альжбеты. 

Прысутнасць Бога ў жыцці чалавека пастаянна падштурхоўвае да руху. Так здарылася і з Марыяй – калі пачула, што стане маці Збаўцы, яна не чакала, пакуль людзі прыйдуць, каб служыць ёй, але сама “выйшла з дому і пайшла служыць”, сказаў Пантыфік.

Марыя была жанчынай, якая наведвала многіх людзей, дзяцей і пажылых людзей, юнакоў і дзяўчат, а таксама народы, пасярод драматычных сітуацый іх гісторыі. Яна ахоўвала ўсіх, хто пакутаваў, “баронячы правы сваіх дзяцей”, а сёння “не перастае несці нам слова жыцця, свайго Сына”, адзначыў Францішак.

Куба “нарадзілася і ўзрастала ў цеплыні пашаны да Панны Міласэрнасці”. Гэта Марыя  “надала ўласную і асаблівую форму кубінскай душы”, нараджаючы ў сэрцы мясцовага насельніцтва “лепшыя ідэалы любові да Бога, сям’і і Радзімы”. Францішак заўважыў, што боль і нястача, якія выпалі на долю кубінскага народу не змаглі згасіць яго веры. Яна падтрымлівалася шматлікімі бабулямі, маці і многімі іншымі людзьмі, якія сталі “знакам наведзінаў, адвагі, веры” для сваіх унукаў і сем’яў. 

Пантыфік заклікаў кубінцаў “да абнаўлення веры”, перажывання сапраўднай “рэвалюцыі пяшчоты”, “выйсця з дому” з вачыма і сэрцамі адкрытымі на іншых і гатовымі да служэння. 

“Як Марыя, мы хочам быць Касцёлам, які служыць, які выходзіць з дому, са сваіх святынь, сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства. Як Марыя, Маці Міласэрнасці, мы хочам быць Касцёлам, які выходзіць з дому, каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць прымірэнне. Як Марыя, мы хочам быць Касцёлам, здольным суправаджваць ва ўсіх “складаных” сітуацыях наш народ, задзейнічаным у жыцці, культуры, грамадстве, які не хаваецца, але крочыць з нашымі братамі”, - сказаў Папа.

Пасля св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ Пантыфік накіраваўся ў катэдральны касцёл Сант’яга-дэ-Куба на сустрэчу з кубінскімі сям’ямі. 22 верасня 2015 г. ён накіруецца ў наступную краіну свайго Апостальскага падарожжа – ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.