2015-09-21 17:22:00

Пантыфік: навучымся міласэрнаму позірку Езуса


21 верасня 2015 г. Святы Айцец наведаў Ольгін – горад ва ўсходняй частцы Кубы, у якім да гэтага часу не быў ніводзін з Рымскіх Пантыфікаў. На цэнтральнай плошчы Папа ўзначаліў Эўхарыстыю ў прысутнасці шматлікіх вернікаў. 

У сваёй гаміліі Францішак пахіліўся над гісторыяй паклікання св. Мацвея. Ён сядзеў на мытні, а калі адчуў на сябе позірк Езуса і пачуў Яго заклік: “Ідзі за мной”, устаў і пайшоў, нагадаў евангельскае апавяданне Папа.

“Якую сілу любові меў позірк Езуса, каб падштурхнуць Мацвея да таго, што ён учыніў; колькі сілы павінны былі мець тыя вочы, каб падняць яго!”, - заўважыў Святы Айцец. Ён прыпомніў, што яўрэі пагарджалі мытнікамі, да якіх адносіўся Мацвей, бо тыя збіралі падаткі і перадавалі іх рымлянам. Гэту катэгорыю людзей яны лічылі грэшнікамі і здраднікамі, і вымушалі сяліцца асобна ад іншых. 

Езус, аднак, затрымаўся перад ім, паглядзеў на яго вачыма поўнымі міласэрнасці і гэты позірк адкрыў яго сэрца, вызваліў яго, аздаравіў, даў яму надзею, новае жыццё, як і Закхею, Бартымею, Марыі Магдалене, Пятру, а таксама кожнаму з нас. “Нават калі мы не асмельваемся ўзняць вочы на Пана, Ён першы глядзіць на нас”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што позірк Езуса бачыць далей за грэх і някчэмнасць. Хрыстус прыйшоў менавіта для таго, каб шукаць тых, хто адчувае сябе нягодным Бога і іншых. “Дазволім, каб Езус паглядзеў на нас, дазволім, каб Яго позірк перамяніў нашы вуліцы, дазволім, каб Яго позірк вярнуў нам радасць і надзею”, - сказаў Папа.

Паглядзеўшы на Мацвея, Хрыстус сказаў: “Ідзі за мной”. Ён устаў і пайшоў. Былы мытнік змяніўся. Цяпер ён не браў, а даваў – знайшоў радасць у служэнні. “Для Мацьвея і для кожнага, хто адчуў на сябе позірк Езуса, яго суграмадзяне больш не з’яўляюцца тымі, з якімі проста “жывеш побач”, якіх можна выкарыстоўваць і эксплуатаваць. Позірк Езуса нараджае місійную дзейнасць, служэнне, самаахвярнасць. Яго любоў вылечвае нашу недальнабачнасць і падштурхоўвае глядзець далей, не спыняцца перад тым, што відавочнае ці палітычна карэктнае”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў вучыцца такому позірку, які меў Езус і дзяліцца Божай чуллівасцю і міласэрнасцю з хворымі, вязнямі, пажылымі людзьмі ці сем’ямі, якія перажываюць цяжкасці. 

Пасля Эўхарыстыі і наведвання біскупскага палацу Францішак благаславіць Ольгін з “Пагорка Крыжа”, які ўзвышаецца над горадам і накіруецца ў Сант’яга-дэ-Куба, дзе сустрэнецца з кубінскімі біскупамі і наведае санктуарый Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.