2015-09-19 08:33:00

Папа паразмаўляў з амерыканскімі і кубінскімі школьнікамі


Вучыць клопату аб навакольным асяроддзі неабходна з самага маленства, адзначыў папа Францішак падчас відэамосту са школьнікамі з Кубы і ЗША, арганізаванага ў рамках адукацыйнага праекту “Scholas Occurentes”. Трансляцыю дыялогу Святога Айца з юнакамі і дзяўчатамі з Нью-Ёрка і Гаваны 18 верасня 2015 г. ажыцявіла амерыканская тэлекампанія “CNN”.

У ходзе размовы ўздымаліся розныя тэмы, сярод якіх значнае месца заняла праблема аховы навакольнага асяроддзя. Паводле слоў Папы, прырода сёння знаходзіцца ў шэрагах маргіналізаваных і просіць, каб чалавек звярнуў увагу на яе і пачаў аб ёй клапаціцца. Першае, што можа зрабіць моладзь сёння, гэта ўсвядоміць вялікія і малыя праблемы, якія існуюць у яе кварталах, гарадах і краінах. Францішак нагадаў аб важнасці маленькіх учынкаў кожнага чалавека на карысць экалогіі, пра якія казаў у сваёй энцыкліцы “Laudato si’”: “Рабіць тое малое, што можна зрабіць... Аб’яднаць волі і выратаваць наш супольны дом”, - заклікаў ён.

Святы Айцец паразмаўляў з моладзю аб лідэрстве. На яго думку, сапраўдны лідэр – гэта той, які здольны ствараць новых лідэраў сярод моладзі. “Калі асоба хоча быць адзіным лідэрам – гэта тыран”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што “сапраўднае лідэрства – плённае”. Яго семя мае кожны, толькі трэба дапамагчы яму прарасці, каб стаць лідэрамі меркавання, дзеяння, радасці, надзеі, будавання лепшага свету.

Адказваючы на пытанне аб эканамічным эмбрарга накладзеным ЗША на Кубу, Пантыфік падкрэсліў важнасць будавання мастоў і дыялогу, “каб камунікацыя дала месца сяброўству”. Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат без страху крочыць наперад у справе адзінства паміж народамі і памятаць, што будучыня знаходзіцца ў іх руках.








All the contents on this site are copyrighted ©.