2015-09-19 09:14:00

Пантыфік прывітаў кансэкраваных асобаў Венгрыі


Папа Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў ініцыятывы “Кансэкраванае жыццё на плошчы”, якая 18-19 верасня 2015 г. праходзіць у Будапешце. У яе рамках на двух плошчах венгерскай сталіцы былі арганізаваны “кляштары” пад адкрытым небам, у якіх кожны жадаючы можа бліжэй пазнаёміцца з жыццём манаскіх супольнасцяў, прыняць удзел у літургіі і малітве, культурных падзеях, ініцыятывах для сем’яў і асабіста паразмаўляць з кансэкраванымі асобамі.

Мерапрыемства праходзіць па ініцыятыве Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў Венгрыі ў рамках святкавання Году кансэкраванага жыцця.

Святы Айцец заклікаў законнікаў і законніц быць блізкімі да трывогаў і чаканняў народу, актыўнымі ў асяроддзях, у якія ўключаны. “Заахвочваю вас радавацца з тымі, хто радуецца і плакаць з тымі, хто плача; прасіць у Бога аб сэрцы здольным да спагады, каб пахіляцца над цялеснымі і духоўнымі ранамі і несці многім людзям суцяшэнне Божае”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што самае прыгожае “аблічча” краіны ці гораду – гэта вучні Пана – біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі – якія ў штодзённасці і прастаце жывуць стылем Добрага Самараніна і набліжаюцца да целаў і ранаў братоў, у якіх распазнаюць цела і раны Езуса.








All the contents on this site are copyrighted ©.