2015-09-18 11:11:00

Святы Айцец скіраваў відэазварот да кубінcкіх вернікаў


Напярэдадні свайго візіту на Кубу папа Францішак звярнуўся да жыхароў гэтай краіны з відэапасланнем. Яно было апублікавана 17 верасня 2015 г. на сайце мясцовага епіскапату і знайшло водгук у дзяржаўных кубінскіх СМІ. 

Святы Айцец распавёў, што прыбывае на Кубу, каб запэўніць яе грамадзян у любові і міласэрнасці Хрыста. Францішак прызнаўся, што жадае раздзяліць з кубінцамі веру і надзею, дзеля ўзаемнага ўмацавання ў наследванні Езуса. Ён адзначыў вернасць Касцёла на Кубе, яго мужнасць перад абліччам штодзённых цяжкасцяў і ўзаемную любоў, якой жыхары карыбскага вострава дзеляцца паміж сабой. “Дзякую за гэта ваша важнае сведчанне”, - сказаў Пантыфік.

“Езус вас вельмі любіць. Езус любіць вас сур’ёзна. Вы заўсёды ў Яго сэрцы. Ён ведае лепш за ўсіх, чаго кожны з вас патрабуе, да чаго імкнецца, якія прагненні найглыбейшыя, якім з’яўляецца сэрца. Ён вас ніколі не пакіне”, - сказаў Папа ў сваім відэазвароце. Ён нагадаў пра вернасць Бога, нават перад абліччам грахоў чалавека, падзякаваў кубінскім вернікам за малітву ў інтэнцыі яго Апостальскага падарожжа і заклікаў ўдасканальваць свае сэрцы ў школе Езуса Хрыста.

Папа прызнаўся, што прагне прыбыць на Кубу ў якасці місіянера Божай міласэрнасці і заахвоціў мясцовых католікаў самімі станавіцца місіянерамі бясконцай Божай любові, каб усім было дастаткова сведчання веры і любові. “Няхай увесь свет ведае, што Бог стаіць на нашым баку, што Бог нас любіць”, - сказаў Францішак і даверыў свой візіт апецы Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ. 








All the contents on this site are copyrighted ©.