2015-09-18 10:23:00

Кардынал Паралін аб візіце Папы на Кубу і ў ЗША


Грамадска-эканамічныя перамены на Кубе, пытанні міграцыі і інтэгральнай экалогіі – гэта галоўныя тэмы візіту папы Францішка на Кубу і ў Злучаныя Штаты Амерыкі, які абудзецца 19-28 верасня 2015 г., адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Напярэдадні дзесятага падарожжа Пантыфіка за межы Італіі пурпурат даў вялікае інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на тое, што Апостальская Сталіца заўсёды была супраць эмбарга накладзенага на Кубу і пастаянна прыкладала намаганні, каб гэта абмежаванне было знята. Ён падкрэсліў, што санкцыі падобнага роду заўсёды выклікаюць пакуты нявінных людзей. Пурпурат выказаў спадзяванне на адкрытасць кубінскіх уладаў у пытанні павагі да правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў аб ролі марыйнай пабожнасці, якая галоўным чынам характарызуе рэлігійнасць кубінцаў. Адным з пунктаў праграмы візіту Папы на Кубу з’яўляецца наведванне нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ ў Санцьяга.

Паводле кардынала Дзяржсакратара адной з галоўных тэмаў у прамовах Святога Айца ў ЗША будзе міграцыя. Ён нагадаў, што Злучаныя Штаты маюць доўгую гісторыю міграцыі, а таксама адкрытасці і прыняцця людзей, якія прыбываюць у Амерыку. Па гэтай прычыне ЗША ў стане знайсці адпаведныя рашэнні ўсеагульных міграцыйных праблем, дадаў ён.

Кардынал Паралін распавёў, што прамовы папы Францішка ў ААН і Кангрэсе Злучаных Штатаў стануць нагодай для ўзняцця тэмаў інтэгральнай экалогіі і павагі да фундаментальных правоў чалавека: права на жыццё і рэлігійную свабоду. “Папа закліча да змены стылю жыцця, каб мы больш станавіліся абаронцамі стварэння”, - сказаў пурпурат. 

На заканчэнне размовы бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка заўважыў, што VIII Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі, у якой прыме ўдзел Францішак, з’яўляецца формай падрыхтоўкі да кастрычніцкага Сінода Біскупаў. “Папа падкрэсліць прыгажосць сям’і і дапамогу, якую ўсім сем’ям дае Евангелле”, адзначыў кардынал Паралін.








All the contents on this site are copyrighted ©.