2015-09-18 12:06:00

Ватыканская парафія прыняла сям’ю хрысціян з Сірыі



 

Ватыканская парафія св. Ганны прыняла сям’ю бежанцаў з чатырох чалавек: бацькі, маці і двух дзяцей. Вымушаныя мігранты з’яўляюцца сірыйскімі хрысціянамі грэка-мельхіцкага абраду і паходзяць з Дамаску. Яны пакінулі родную краіну па прычыне вайны і прыбылі ў Італію 6 верасня 2015 г. – у дзень калі папа Францішак заклікаў усе парафій, манаскія супольнасці, кляштары і санктуарыі Еўропы прыняць па адной сям’і бежанцаў. 

Сям’я сірыйскіх мігрантаў пасялілася ў адной з ватыканскіх кватэр, недалёка ад базылікі св. Пятра. Ім была аказана дапамога ў падачы дакументаў на атрыманне прытулку ў Італіі. Згодна з італьянскімі законамі, на працягу першых шасці месяцаў прабывання ў краіне, бежанцы і мігранты не маюць права працаваць, таму аб іх патрэбах будзе клапаціцца супольнасць парафіі св. Ганны.

Пра іншую сям’ю бежанцаў, клопатам аб якой займаецца парафія базылікі св. Пятра, немагчыма распаўсюджваць інфармацыю да выканання ўсіх неабходных працэдур, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай элемазінарыі, апублікаваным 18 верасня 2015 г.

Святы Пасад не першы раз дапамагае бежанцам і мігрантам з атрыманнем легальнага статуса ў Італіі. На працягу многіх гадоў, Пантыфікі, праз Апостальскую элемазінарыю аказваюць падтрымку ў аплаце пошліны за выдачу віду на жыхарства для бежанцаў, аб якіх клапоціцца рымскі езуіцкі цэнтр “Astalli”. У 2014 г. на гэтыя мэты было вылучана каля 50 тыс. еўра. 

Акрамя таго, Апостальская элемазінарыя пачала выкарыстоўваць мабільны амбулаторны цэнтр, падараваны некалькі гадоў таму Бэнэдыкту XVI, для аказання медыцынскай дапамогі мігрантам у цэнтрах прыёму, размешчаных на ўскраінах Рыму.








All the contents on this site are copyrighted ©.