2015-09-17 14:59:00

Папа даў парады маладым законнікам і законніцам


17 верасня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі каля чатырох тысяч удзельнікаў сустрэчы для маладых кансэкраваных асобаў, якая праходзіць у Ватыкане на тэму “Абудзіце свет! Евангелле, прароцтва, надзея”. Святы Айцец адклаў загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы, каб свабодна адказаць на пытанні сваіх гасцей.

Пантыфік заклікаў маладых законнікаў не праводзіць сваёй кансэкраванае жыццё ў камфорце і строгім выкананні прадпісанняў і правілаў. “Кансэкраванае жыццё можа стаць бясплённым, калі не з’яўляецца прароцкім”, - сказаў Папа і дадаў, што строгае выкананне правілаў можа быць натхёным эгаізмам, імкненнем адчуваць сябе лепшым за іншых. 

Святы Айцец папярэдзіў законнікаў аб разбуральных наступствах пляткарства. Плёткі могуць стаць сапраўднай “бомбай”, што забівае людзей, а чалавек, які прысвяціў сваё жыццё Богу – “тэрарыстам”, лічыць Папа.

Францішак указаў таксама на небяспеку “культуры часовага”, якая пранікае ў Касцёл і манаскія супольнасці. “Бог паслаў свайго Сына назаўсёды! Не на час, не для аднаго пакалення ці адной краіны, але для ўсіх! Для ўсіх і назаўсёды! Гэта павінна быць крытэрыем духоўнай праніклівасці”, - сказаў Святы Айцец.

Евангелізацыя, паводле Папы, павінна адбывацца праз сведчанне, а не празелітызм. Ён дадаў, што законнік можа быць вельмі начытаным, але здольнасць распальваць сэрцы паходзіць не з кніг, але з сэрца. Святы Айцец заклікаў кансэкраваных асобаў пазбягаць самалюбавання і быць людзьмі адарацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.