2015-09-16 09:12:00

Папа адкрые “Святые дзверы” у гасцініцы для бяздомных


18 снежня 2015 г. папа Францішак наведае рымскую гасцініцу для бяздомных, якой апякуецца каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas”. Падчас свайго візіту, які пройдзе ў кантэксце святкавання Юбілею Міласэрнасці, Пантыфік адкрые тут “Святыя дзверы любові”, а таксама благаславіць сталовую для бедных, названую ў гонар св. Яна Паўла ІІ.

Рымская каталіцкая гасцініца для бяздомных носіць імя заснавальніка дыяцэзіяльнага аддзялення “Caritas” кс. Луіджы Ды Ліегра. Яна пачала дзейнічаць у 1987 г. У лістападзе, напярэдадні Году Міласэрнасці, структура будзе адкрыта для патрабуючых пасля заканчэння рамонтных прац. Тут змогуць знайсці прытулак каля 180 бяздомных і мігрантаў.

“Святыя дзверы” у Рыме будуць таксама адкрыты ў чатырох папскіх базыліках: св. Пятра, св. Паўла за мурамі, св. Яна на Латэране, Санта-Марыя-Маджорэ і ў санктуарыі Божай Любові, які карыстаецца асаблівай любоўю вернікаў Вечнага горада.








All the contents on this site are copyrighted ©.