2015-09-16 12:35:00

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: новы выклік – міграцыя


Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у пленарнай асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, якая 11-16 верасня 2015 г. праходзіла ў Святой Зямлі. Удзельнікі форума знаёміліся з сітуацыяй хрысціянскай супольнасці ў рэгіёне, на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў пазначыным войнамі і канфліктамі, а таксама абмяркоўвалі выклікі, якія стаяць перад мясцовымі Касцёламі на Старым Кантыненце.

Адным з новых выклікаў для Беларусі стала міграцыя, адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё беларускі іерарх. У Беларусі ўжо шмат бежанцаў з Украіны і Касцёл імкнецца ім дапамагаць, заўважыў ён. Пры гэтым, паводле арцыбіскупа, важна глядзець на карані праблемы, працягваць прыкладаць ўсе сілы, “каб супакой на брацкай Украіне запанаваў”.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі не выключыў, што бежанцы з Блізкага Усходу і Афрыкі могуць з часам з’явіцца і ў Беларусі. “Да гэтага трэба быць гатовымі. Павінна быць гатова грамадства. Павінен быць гатовы таксама і Касцёл, каб не сутыкнуцца з такой праблемай з якой сутыкнуліся ўжо многія краіны Еўропы, асабліва Усходняй, дзе грамадства яшчэ не было падрыхтавана, каб прыняць гэтых бежанцаў і мігрантаў”, - сказаў іерарх. 

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, таксама, што адным з галоўных выклікаў для Касцёла ў Беларусі застаецца крызіс сям’і, вялікая колькасць разводаў і абортаў, феномен штучнага апладнення, “за якім стаяць вялікія грошы”. Мітрапаліт выказаў спадзяванне, што праца па стварэнні каталіцкай акадэміі ў Беларусі будзе працягвацца, бо краіна ў якой каля 15% насельніцтва з’яўляюцца католікамі, гэтага заслугоўвае.








All the contents on this site are copyrighted ©.