2015-09-15 10:52:00

Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень хворага


Папа Францішак скіраваў пасланне на XXIV Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага 2016 г. У ім Пантыфік заклікаў патутуючых ад хваробаў даверыцца Панне Марыі і паглядзець на свае цярпенні праз прызму веры.

Перад абліччам хваробы вельмі лёгка паддацца роспачы, але, паводле Папы, менавіта ў такія моманты “вера ў Бога раскрывае ўвесь свой пазітыўны патэнцыял”. Вера не дае хваробе ці болю знікнуць, але дае святло, каб паглядзець на іх па новаму, адкрывае “самы вялікі сэнс таго, што перажывае” чалавек. Аб такім святле неабходна прасіць Маці Божую, заклікаў Францішак.

Папа нагадаў, як у евангельскім апавяданні пра вяселле ў Кане Галілейскай, менавіта Марыя заступілася за людзей. Яна мае “пільныя і добрыя вочы”, а таксама “матчынае і поўнае міласэрнасці сэрца”. У яе клопаце адлюстроўвацца пяшчота Бога, тая самая, якую нясуць хворым асобы, якія клапоцяцца пра іх: маці, якія даглядаюць сваіх малых дзяцей; дзеці, якія глядзяць за сваімі пажылымі бацькамі; унукі, якія чуваюць побач са сваімі бабулямі ці дзядулямі. Францішак заклікаў іх даверыцца Маці Божай і прасіць для хворых аб ласцы здароўя, а таксама аб “нечым большым”: “аб жыццёвым спакоі, які нараджаецца ў сэрцы і з’яўляецца дарам Бога”. 

Святы Айцец нагадаў, што на вяселлі ў Кане былі слугі, якія напоўнілі амфары вадой, перамененай затым Езусам у віно. Гэтыя “ананімныя постаці” могуць “навучыць нас многаму”, таму што “шчыра паслухаліся і неадкладна зрабілі тое дабро, якое ад іх патрабавалася, без нараканняў і разлікаў”, заўважыў Папа.

Паводле яго слоў, гэта апавяданне паказвае, што Езус разлічвае на супрацоўніцтва чалавека, на “яго гатоўнасць служыць патрабуючым і хворым”. Гэта можа быць складанае служэнне, але Пан пераменіць яго ў “нешта боскае”, таму што “служэнне іншым робіць нас падобнымі на Езуса, больш чым штосьці іншае”, напісаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.