2015-09-15 12:00:00

Пантыфік: Касцёл без мацярынства – строгая асацыяцыя


Мацярынства Касцёла павінна выражаецца ў пакоры, дабрыні, прабачэнні і пяшчоце, адзначыў папа Францішак 15 верасня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У св. Імшы прынялі ўдзел члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі. Чарговае пасяджэнне гэтай структуры праходзіць 14-16 верасня ў Доме св. Марты. 

У сваёй гаміліі Папа паразважаў над евангельскім урыўкам пра тое, як Езус даручыў свайго вучня Яна матчынай апецы Марыі. Францішак адзначыў, што мацярынства Найсвяцейшай Панны пашыраецца таксама на ўвесь Касцёл і на ўсё чалавецтва. 

У сённяшнім свеце, у якім існуе вялікае адчуванне сіроцтва, словы Езуса: “Не пакіну вас сіротамі, дам вам Маці”, маюць вялікае значэнне, перакананы Пантыфік. “І гэта таксама наш гонар: маем Маці, якая з намі, якая нас бароніць, суправаджае, якая нам дапамагае таксама і ў складаныя, кепскія моманты”, - сказаў Святы Айцец.

Мацярынства Панны Марыі, паводле слоў Папы, пашыраецца на ўвесь Касцёл. “Маці Марыя і Маці-Касцёл умеюць песціць сваіх дзяцей, нясуць пяштоту”, - сказаў Францішак і дадаў, што калі пазбавіць Касцёл гэтай пяшчотнасці, ён стане “строгай асацыяцыяй, асацыяцыяй без чалавечага цяпла, сіратлівай”.

Мацярынства Касцёла павінна выражацца ў пакоры, гасціннасці, спачуванні, дабрыні, прабачэнні і пяшчоце. Там дзе ёсць мацярынства – там ёсць жыццё і супакой, а дзе яго няма, “застаецца толькі строгасць, дысцыпліна, і няздольнасць усміхацца”, перакананы Святы Айцец.  








All the contents on this site are copyrighted ©.