2015-09-15 13:10:00

Абвешчаны спіс удзельнікаў Сінода Біскупаў


Вядомы ў Беларусі польскі аўтар кніг аб сужэнстве і бацькоўстве Яцэк Пулікоўскі прыме ўдзел у кастрычнікім Сінодзе Біскупаў аб сям’і. Ён будзе удзельнічаць у форуме ў якасці аўдытара разам са сваёй жонкай, Ядзвігай Пулікоўскай. Сужонкі з’яўляюцца кансультантамі Рады душпастырства сям’і Познаньскай архідыяцэзіі.

Кнігі Яцэка Пулікоўскага “Жыць у гармоніі з чалавечай натурай”, “Варта палюбіць цёшчу”, “Кракадзіл для маёй каханай”, “Варта быць бацькам”, былі выдадзены на беларускай мове выдавецтвам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі “Pro Christo”.

У Сінодзе Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце” прымуць удзел таксама іншыя 16 сужэнскіх пар з розных частак свету. 

Кіраваць працай Сінода будзе сам папа Францішак. Старшынямі-дэлегатамі на форуме будуць чатыры кардыналы: арцыбіскуп Парыжа Андрэ Вен-Труа, арцыбіскуп Манілы Луіс Антоніа Тагле, арцыбіскуп Апарэсіды Раймунду Асіс і арцыбіскуп Дурбана Уільфрыд Фокс Напіер. Генеральным сакратаром Сінода з’яўляецца італьянскі кардынал Ларэнца Бальдзісэры, генеральным рэлятарам – венгерскі кардынал Пэтэр Эрдо, а спецыяльныі сакратаром – арцыбіскуп Бруна Фортэ, з Італіі.  

Святы Айцец асабіста прызначыў 45 сінадальных айцоў, акрамя тых, удзел якіх  прадугледжаны статутам Сінода Біскупаў. На мінулагодняй сесіі Сінода іх было 26. Беларускі епіскапат на форуме будзе прадстаўляць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.








All the contents on this site are copyrighted ©.