2015-09-15 09:45:00

Cпецыяльная нарада па Сірыі і Іраку пройдзе у Ватыкане


 

17 верасня 2015 г. у Ватыкане адбудзецца спецыяльнае пасяджэнне прысвечанае гуманітарнаму крызісу ў Сірыі і Іраку. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства з’яўляецца Папская рада “Cor Unum”, якая курыруе дабрачынную дзейнасць Апостальскай Сталіцы. 

У сустрэчы прымуць удзел прадстаўнікі каля 30 каталіцкіх карытатыўных структур, якія дзейнічаюць на Блізкім Усходзе. Яна будзе падзелена на дзве часткі. Напачатку сітуацыю ў рэгіёне апішуць сакратар Папскай рады “Cor Unum” арцыбіскуп Джампьетра даль Тоза, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры і намеснік Генеральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаннях Стывен О’Браян. Затым будзе прадстаўлена Справаздача аб гуманітарнай дапамозе касцёльных структур у кантэксце сірыйскага і іракскага крызісаў за 2014-2015 гг.

У другой палове дня, пасля дакладаў кс. прэлата Акашэха Халеда, кіраўніка аддзелу па адносінах з ісламам Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, арцыбіскупа Марыё Дзэнары, Апостальскага нунцыя ў Сірыі і кіраўнікоў “Caritas” у Сірыі і Іраку, удзельнікі сустрэчы засяродзяцца да канкрэтных аспектах супрацоўніцтва паміж каталіцкімі структурамі на Блізкім Усходзе.

Мэта форума заключацца ў падвядзенні вынікаў ужо здзейсненай працы, дзяленні інфармацыяй аб сітуацыі на месцах і дзейнасці Касцёла ў кантэксце крызісу. Удзельнікі сустрэчы вызначаць накірункі для далейшай працы і прааналізуюць сітуацыю хрысціянскіх супольнасцяў у краінах ахопленых войнамі.

Апостальская Сталіца, акрамя вядзення дыпламатычнай дзейнасці накіраванай на вырашэнне сітуацыі ў Сірыі і Іраку, актыўна ўдзельнічае ў праграмах гуманітарнай дапамогі. З 2011 г. у выніку вайны ў рэгіёне загінулі каля 250 тыс. чалавек і каля 1 млн. атрымалі раненні. На сённяшні дзень больш за 12 млн. чалавек патрабуюць дапамогі ў Сірыі і каля 8 млн. у Іраку. Колькасць унутраных мігрантаў у Сірыі дасягнула 7,6 млн. чалавек, а ў Іраку – каля 3 млн. чалавек. Амаль 4 млн. сірыйцаў знайшлі прытулак у розных краінах Блізкага Усходу: 1,9 млн. – у Турцыі, 1,1 млн. у Ліване, больш за 600 тыс. – у Іарданіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.