2015-09-14 14:09:00

Папа: ісці шляхам крыжа, каб перамагчы спакусы злога


Каб ісці наперад у хрысціянскім жыцці неабходна прынізіцца, як Езус на крыжы, адзначыў папа Францішак 14 верасня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік папярэдзіў аб спакусах злога, які зачароўвае людзей, а на самой справе вядзе іх да згубы.

Каментуючы літургічныя чытанні, Святы Айцец заклікаў вернікаў бараніцца ад спакусаў д’ябла. Ён нагадаў, што змей, праз якога грэх увайшоў у гісторыю, быў вельмі хітрым: умеў быць абаяльным і нават зачароўваць. У той жа час, Біблія кажа, што ён падманшчык. “Ён табе абацяе шмат, але ў час расплаты, плаціць кепска. Ён дрэнны плацельшчык”, - сказаў Святы Айцец. 

Францішак звярнуў увагу на іншы біблійны ўрывак, які апавядае, як Бог загадаў Майсею зрабіць меднага змея, каб кожны укушаны ядавітымі змеямі, мог паглядзець на яго і застацца жыць. Папа падкрэсліў, што гэты вобраз з’яўляецца прароцкім. У Евангеллі паводле св. Яна Езус тлумачыў, што “як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае”. 

Езус, дзеля збаўлення людзей прыняў на сябе гэты вобраз – вобраз змею, вобраз граху, нагадаў Пантыфік словы апостала Паўла.

Францішак заўважыў, што ў мастацтве Мука Пана часта прадстаўляецца ідэалізавана. На самой справе Езус быў увесь “абадраны, акрываўлены нашымі грахамі”. “Гэта шлях, які Ён выбраў, каб перамагчы змея на яго полі”, - сказаў Папа і дадаў, што такі шлях прыніжэння і еднасці з Хрыстом з’яўляецца шляхам кожнага хрысціяніна. “Калі хрысціянін хоча ісці наперад па шляху хрысціянскага жыцця, павінен прынізіцца, як прынізіўся Езус”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.