2015-09-12 08:51:00

Францішак заклікаў біскупаў маліцца за Сінод


Папа Францішак скіраваў сваё прывітанне да членаў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), якія сабраліся ў Святой Зямлі на Генеральную асамблею. Форум праходзіць 11-16 верасня 2015 г. Беларускі епіскапат на ім прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Прашу, каб час праведзены разам быў перш за ўсё часам моцнай малітвы і салідарнасці”, - заклікаў іерархаў Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў, каб “час адпачынку ў Пану” для біскупаў стаў часам абнаўлення ў “святасці жыцця і апостальскай стараннасці на карысць давераных іх клопату” асобаў, каб нанова запаліў навізной Евангелля, з якога “бяруць пачатак новыя шляхі, крэатыўныя метады, іншыя формы выразу, больш красамоўныя знакі, словы, напоўненыя абноўленым значэннем для сённяшняга свету”.

“Асабліва давяраю вашай малітве бліжэйшы Сінод Біскупаў, каб Касцёл з усё большай рашучасцю і велікадушшам змог адказаць на патрэбы сям’і”, - напісаў Францішак і запэўніў іерархаў у сваім благаслаўленні.

Падчас Генеральнай асамблеі прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў будуць абмяркоўваць выклікі, якія стаяць перад мясцовымі Касцёламі на Старым Кантыненце. 12 верасня іерархі прымуць удзел у малітоўным чуванні ў інтэнцыі сем’яў, якое пройдзе ў Назарэце. Затым яны накіруюцца ў Бэтлеем, каб наведаць дабрачынныя касцёльныя структуры, школу для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі, а таксама цэнтр дапамогі ўдовам. У родным горадзе Езуса Хрыста біскупы спаткаюцца з мясцовымі біскупамі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій. Рыхтуецца сустрэча з ізраільскімі і палестынскімі палітычнымі прадстаўнікамі. Апошнім пунктам пленарнай асамблем стане Эўхарыстыя ў храме Гробу Пана ў Іерусаліме. 








All the contents on this site are copyrighted ©.