2015-09-12 10:35:00

Папа: кааператывы пакліканы гуманізаваць эканоміку


12 верасня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў італьянскага Банку кааператыўнага крэдыту (Banca di Credito Cooperativo), з нагоды 70-годдзя гэтай структуры.

У сваёй прамове Пантыфік заўважыў, што “Касцёл добра ведае аб значэнні кааператываў”. “Каля вытокаў многіх з іх стаяць святары, актыўныя свецкія вернікі, супольнасці, натхнёныя духам хрысціянскай салідарнасці”, - сказаў Папа і дадаў, што ў “сацыяльных дакументах Касцёла спасылкі да кааператываў вельмі частыя”. “Таксама і ў энцыкліцы “Laudato si’”, я падкрэсліваў іх каштоўнасць у сферы аднаўляльнай энергіі і сельскай гаспадаркі”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што кааператыўныя структуры пакліканы дапамагаць развіццю самых слабых, у першую чаргу беспрацоўнай моладзі, спрыяючы з’яўленню новых кааператыўных прадпрыемстваў, садзейнічаць развіццю сацыяльнаарыентаванай сферы аховы здароўя, клапаціцца аб раўнавазе паміж эканомікай і сацыяльнай справядлівасцю, падтрымліваць сем’і, салідарнае выкарыстанне грошай, сумленнасць у эканамічнай сферы і актыўна удзельнічаць у глабалізацыі салідарнасці. 

Можа здарыцца так, што кааперытыў стане вялікім прадпрыемствам, але гэта не самы галоўны выклік, заўважыў Пантыфік у адносінах да Банку кааператыўнага крэдыту – самай буйной падобнай структуры ў Італіі.  “Самы важны выклік заключаецца ў тым, каб расці працягваючы быць сапраўдным кааператывам, і больш за тое, становячыся ім яшчэ больш. Гэта азначае спрыяць актыўнаму удзелу членаў. Рабіць разам і рабіць для іншых”, - падкрэсліў Святы Айцец. На думку Францішка, мэта кааператыўнага банку заключаецца ў “гуманізацыі эканоміцы, паяднанні эфектыўнасці з салідарнасцю”. 

Папа нагадаў аб важнасці субсідыярнасці – вырашэнні праблем уласнымі сіламі, а не з дапамогай дзяржавы. Для гэтага, паводле Святога Айца, неабходна інтэграцыя кааператыўных банкаў ва ўсёй краіне. “Не толькі таму што, як гаворыцца, адзінства дае сілу, але таму што, трэба думаць аб вялікім, пашыраць гарызонт”, - падкрэсліў ён.

Францішак пажадаў, каб вакол такой вялікай структуры як італьянскі Банк кааператыўнага крэдыту ўзнікалі новыя прадпрыемствы, якія даюць людзям працу, каб аказвалася падтрымка сем’ям, выдаваліся мікракрэдыты і эканоміка гуманізавалася рознымі спосабамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.