2015-09-11 11:08:00

Францішак нагадаў пра важнасць самакрытыкі


Каб быць міласэрнымі да іншых, трэба мець адвагу бачыць уласныя слабасці, адзначыў папа Францішак 11 верасня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец падкрэсліў, што вернікам неабходна навучыцца не асуджаць іншых, каб не стаць крывадушнікамі. Гэта тычыцца абсалютна ўсіх, пачынаючы з Папы, дадаў ён.

Францішак прывёў у прыклад св. Паўла, які ў пасланні да Цімафея, меў адвагу прызнацца, што “быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем”. Такі самы сэнс маюць евангельскія словы Езуса пра шчэпку ў воку бліжняга і бервяно ва ўласным. Яны вучаць глядзець на сябе, перш чым асуджаць, перакананы Пантыфік. “Першы крок – гэта судзіць аб самім сябе”, а не адчуваць “сябе суддзёй, які вынімае шчэпкі з вачэй іншых”, дадаў ён. На думку Святога Айца, асобы, якія не глядзяць на сябе, а асуджаюць бліжніх, з’яўляюцца крывадушнікамі. 

Францішак заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб ласцы навяртання і спынення ў моманты, калі ўзнікае жаданне падумаць пра “дэфекты іншых” людзей. “Паберажэм каментары аб іншых і пакаментуем саміх сябе. Гэта першы крок на шляху да велікадушнасці, бо асоба, здольная глядзець толькі на шчэпкі ў чужых вачах, сыходзіць да нізасці: нізкай душы, поўнай дробязнасці, поўнай пляткарства”, - лічыць Папа.

На заканчэнне сваёй гаміліі Пантыфік паўтарыў уласныя словы пра тое, што асоба, якая ніколі не казала кепска пра іншых людзей, можа быць неадкладна кананізаванай.








All the contents on this site are copyrighted ©.