2015-09-11 11:39:00

Папа: весці дыялог дзеля эфектыўных рашэнняў па экалогіі


11 верасня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Фонду для ўстойлівага развіцця – італьянскай няўрадавай арганізацыі, якая спрыяе развіццю эканомікі, добразычлівай да навакольнага асяроддзя. Сустрэча з Пантыфікам прайшла ў рамках Міжнароднай канферэнцыі аб экалагічнай справядлівасці і кліматычных зменах, арганізаванай сумесна з Апостальскай Сталіцай у Ватыкане.

Святы Айцец нагадаў аб цяжкіх сацыяльных наступствах кліматычных зменаў, ад якіх найбольш пакутуюць самыя бедныя слаі грамадства. “Таму, як правільна сведчыць назва гэтай канферэнцыі, пытанне клімату – гэта пытанне справядлівасці, а таксама салідарнасці, неадлучнай ад справядлівасці”, - сказаў Папа.

Улада, якую дае чалавецтву навука і тэхналогія, павінна быць выкарыстаны на карысць самых бедных, будучых пакаленняў і супольнага дабра. “Ці запомніцца наша пакаленне тым, што з шчодрасцю прыняла ўласную вялікую адказнасць?”, - задаўся пытаннем Пантыфік.

На існуючы крызіс, паводле Святога Айца, кожны пакліканы адказаць у сілу сваіх магчымасцяў і ролі, якую выконвае ў сям’і, на працоўным месцы, у эканоміцы і навуцы, у грамадскай супольнасці і структурах, а таксама праз дыялог і супрацоўніцтва з іншымі. 

Францішак высока ацаніў той факт, што ў ватыканскай канферэнцыі аб экалогіі прымаюць удзел прадстаўнікі розных сфер: рэлігіі і палітыкі, эканомікі і навукі, міжнародных арганізацый і структур па барацьбе з беднасцю. Каб дыялог быў плённым Папа заклікаў прыслухоўвацца да кожнага ўдзельніка, у тым ліку да тых, хто часта застаецца на ўзбочыне інстытуцыянальных працэсаў. 

У святле маючага адбыцца зацвярджэння Парадку дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 г. і Міжнароднай канферэнцыі ААН аб праблемах клімату ў Парыжы, Пантыфік прапанаваў, каб дыялог прывёў да заключэння па-сапраўднаму значных і плённых дамоваў аб глабальнай экалогіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.