2015-09-11 09:36:00

Генсек ААН: існуе вялікая патрэба ў словах Папы


Існуе вялікая патрэба ў словах Папы, які заклікае да маральных каштоўнасцяў, адзначыў Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун напярэдадні візіту Святога Айца ў сядзібу гэтай міжнароднай арганізацыі ў Нью-Ёрку. 25 верасня 2015 г. Францішак наведае яе і звернецца да больш чым 150 сусветных лідэраў, якія збяруцца тут на Генеральную асамблею.

“Мы з вялікім энтузіязмам чакаем візіту Яго Святасці Папы Францішка. Гэта будзе мая чацвёртая сустрэча з ім і яго першы візіт ў ААН. У гісторыі адносін паміж Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыі і Ватыканам, мне здаецца гэта першы выпадак, калі Папа здзейніць свой візіт падчас Генеральнай асамблеі. Ён чалавек пакорны і з вялікай чалавечнасцю, чалавек, голас якога мае вялікае маральнае значэнне”, - сказаў Пан Гі Мун у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Генсек ААН адзначыў, што патрэба ў моцным закліку да маральных каштоўнасцяў з боку Пантыфіка, асабліва вострая ў кантэксце шматлікіх канфліктаў, вялікай колькасці бежанцаў і мігрантаў, парушэнняў правоў чалавека, праблем, выкліканых зменай клімату.

Пан Гі Мун высока ацаніў значэнне энцыклікі Святога Айца аб экалогіі “Laudato si’”, якая ўбачыла свет у чэрвені 2015 г. “Калі я быў прыняты на аўдыенцыі ў красавіку, ён мне сказаў, што гатовы моцна працаваць разам з ААН, каб адказаць на праблемы і феномены кліматычных зменаў. Сказаў, што факт незніжэння выкідаў парніковых газаў з’яўляецца “маральна недаравальным”, - распавёў кіраўнік ААН. Пан Гі Мун выказаў заклапочанасць тым, што перамовы сусветных лідэраў на гэту тэму праходзяць павольна.  








All the contents on this site are copyrighted ©.