2015-09-09 09:16:00

Святы Пасад: міжрэлігійны дыялог – проціяддзе ад тэрарызму


Сакратар Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер прыняў удзел у Канферэнцыі аб ахвярах насілля на этнічнай і рэлігійнай глебе на Блізкім Усходзе. Форум праходзіў 8 верасня 2015 г. у Парыжы па ініцыятыве ўрадаў Францыі і Іарданіі. 

У сваім дакладзе прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў, што сёння перад міжнароднай супольнасцю стаяць тры выклікі: адказаць на гуманітарную катастрофу і забяспечыць мінімальную бяспеку для меншасцяў і хрысціянскіх супольнасцяў; гарантаваць права бежанцаў вярнуцца на радзіму і жыць годна і ў бяспецы; адказаць на феномен тэрарызму і садзейнічаць міжрэлігійнаму дыялогу.

Прадстаўнік Святога Пасаду крытычна ахарактарызаваў сітуацыю з рэлігійнай свабодай, якая ў многіх краінах Блізкага Усходу, з’яўляецца “вельмі абмежаванай”. Неабходна, каб краіны рэгіёну і ўся міжнародная супольнасць, былі непасрэдна задзейнічаны ў абароне фундаментальных правоў хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў, сказаў ён.

Бежанцы і мігранты маюць права вярнуцца ў свае краіны, каб жыць годна і ў бяспецы. Для гэтага дзяржавы іх паходжання і міжнародная супольнасць павінны актывізавацца, заўважыў ватыканскі дыпламат.

Кажучы аб праблеме супрацьдзеяння тэрарызму, арцыбіскуп Галахер адзначыў, што большая ўвага павінна быць звернута на “выхаванне ў школах, выкарыстанне інтэрнтэту, на змест пропаведзяў рэлігійных лідэраў, якія не павінны ствараць выбухаў нецярпімасці ці радыкалізацыі, але наадварот, садзейнічаць дыялогу і прымірэнню”. Проціяддзем ад фундаменталізму з’яўляецца “міжрэлігійны дыялог”, - падкрэсліў ён. Сакратар Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі заклікаў юдэйскіх, хрысціянскіх і мусульманскіх лідэраў рашуча асуджаць інструменталізацыю рэлігіі для апраўднання насілля. 








All the contents on this site are copyrighted ©.