2015-09-08 08:09:00

Францішак: Хрыстус павінен прысутнічаць у асобе катэхета


Каб прывабіць моладзь Евангеллем, у эпоху распаўсюджанай рэлігійнай абыякавасці, неабходна, каб Хрыстус стаў бачным праз сведчанне катэхетаў і супольнасці, якая яе акружае, адзначыў Святы Айцец у пасланні да членаў Канферэнцыі Біскупаў Партугаліі. Іерархі сустрэліся з Пантыфікам 7 верасня 2015 г. у рамках візіту “ad limina Apostolorum”.

Папа нагадаў, як аднойчы Хрыстус спытаўся вучняў: “Ці і вы таксама хочаце адыйсці?” (Ян 6,67), на што Пётр, ад імя Дванаццаці, адказаў: “Пане, да каго пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага” (68). Паводле Францішка, такім чынам апосталы ясна паказалі, што “прапанова Езуса іх пераканала”. У ХХІ стагоддзі многія мясцовыя Касцёлы, аднак, згубілі шмат моладзі, таму што “наша прапанова Езуса непераканаўчая”, лічыць Святы Айцец.

Паводле Папы, важна, каб Езус Хрыстус быў добра прадстаўлены не толькі ў катэхетычных праграмах, але таксама ў жыцці катэхетаў і каталіцкай супольнасці. Калі ўкрыжаваны і ўваскрослы Збаўца будзе прысутны ў іх – запаліць моладзь, мяркуе Пантыфік.

Францішак пажадаў перайсці “ад школьнай мадэлі да катэхуменальнай” у навучанні рэлігіі. Важны не толькі інтэлектуальныя веды, але асабістая сустрэча з Езусам Хрыстам, якая жывецца ў дынаміцы выхавання паклікання. Не можа быць так, каб “мы мелі шмат беспрацоўнай моладзі, у той час як Божаму Валадарству не хапае працаўнікоў і служыцеляў”, дадаў Папа. 

Святы Айцец падкрэсліў, што з надзеяй глядзіць на Касцёл у Партугаліі, які мае “братэрскі епіскапат”, “укаранёны ў малітве і любові” і голас якога слухае “большая частка насельніцтва і нацыянальных структур”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.