2015-09-08 11:48:00

Пантыфік: несці мір праз малыя справы


Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 8 верасня 2015 г. папа Францішак нагадаў, што кожны вернік пакліканы быць пакорным і блізкім да бліжніх, як Найсвяцейшая Панна Марыя. У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што заданнем Езуса было прымірэнне Бога з народам. Для гэтага Ён не меў патрэбы ў скліканні “вялікай асамблеі” ці выданні важнага “дакумента”. Бог дзейнічае інакш – праз малыя справы і ідучы разам з людзьмі.

Святы Айцец узгадаў пра прароцтва Міхея, што спакой выйдзе з Бэтлеема, “найменшага” сярод плямёнаў Юды. Пан заўсёды выбірае “найменшае і пакорнае для сваіх вялікіх справаў, а таксама раіць нам станавіцца малымі, каб маглі ўвайсці ў Валадарства Нябеснае”, сказаў Францішак.

Папа таксама адзначыў, што Бог заключае прымірэнне ў дарозе. Ён ідзе разам з усім народам: і добрымі і злымі, са святымі і грэшнікамі, а яны на гэтым шляху ўзрастаюць у надзеі. Хрысціяне павінны наследаваць прыклад Хрыста і таксама несці прымірэнне сярод людзей праз малыя справы і ідучы разам з імі, падкрэсліў у сваёй гаміліі Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.