2015-09-04 13:22:00

Пантыфік: тэалогія і душпастырства – непадзельныя


Навучанне Касцёла і душпастырства злучаны, як малітва і жыццё, адзначыў папа Францішак у відэапасланні да ўдзельнікаў Міжнароднага тэалагічнага кангрэсу ў Буэнас-Айрэсе, які закончыўся 3 верасня 2015 г. Форум праходзіў з нагоды 100-годдзя заснавання тэалагічнага факультэту Каталіцкага аргентынскага ўніверсітэта і 50-годдзя заканчэння Другога Ватыканскага Сабора.

У сваім звароце Папа акрэсліў некалькі элементаў тоеснасці тэолагаў: яны з’ўляюцца дзецьмі свайго народу, якія ведаюць людзей, гісторыю і традыцыю. Тэолагі – гэта вернікі, якія сустрэлі Хрыста і зразумелі, што не могуць жыць без яго, а таксама прарокі, сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў важнасць аднаўлення памяці аб Божых шляхах у жыцці Касцёла, каб перамагчы падзелы і спакусы. Паводле Папы, не можа быць “асаблівага ізаляванага Касцёла”, які прэтэндуе на тое, каб быць адзіным уладальнікам і інтэрпрытатарам жыцця і дзейнасці Святога Духа. Адначасова не можа існаваць Паўсюднага Касцёла, які ігнаруе мясцовую рэальнасць і пагарджае ёй. Традыцыю Касцёла Папа акрэсліў, як “жывую раку”, што цячэ з вытокаў да будучыні і арашае розныя землі, насычае розныя геаграфічныя зоны свету.

Заданне тэолага заключаецца ў разважанні над тым, што азначае быць хрысціянінам сёння. Быць вызнаўцам Хрыста ў Аргентыне ў наш час і 100 гадоў таму – гэта не тое самае, як і не тое самае, як быць хрысціянінам у Індыі, Канадзе ці ў Рыме, сказаў ён.

Францішак заклікаў тэолагаў быць блізкімі да жыцця людзей і іх праблем. “Пытанні нашага народу, іх трывогі, мары, змаганні, турботы, маюць герменэўтычнае значэнне”, якое нельга ігнараваць, сказаў Папа ў сваім відэапасланні.








All the contents on this site are copyrighted ©.