2015-09-03 16:38:00

Францішак звярнуўся да святароў Шанштацкага руху


Святары павінны мець дух малітвы і служэння, а таксама “моцныя плечы”, каб несці на іх самых слабых, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з ўдзельнікамі V Генеральнай капітулы святароў Шанштацкага руху. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане 3 верасня 2015 г. 

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей у малітве быць пасярэднікамі паміж Богам і народам, як Майсей, калі на беразе Чырвонага мора бараніў ізраільцян ад нападу войскаў фараона. Важна таксама, быць як Езус, які змяшаўся з людзьмі і іх патрэбамі, шукаючы перш за ўсё тых, на каго ніхто не глядзеў. Святар павінен быць такім, сцвердзіў яшчэ раз Папа.

На думку Святога Айца, слова “апошні” асаблівым чынам перадае тое месца, якое павінны займаць святары сярод сваіх братоў. “Святар не знаходзіцца “над”, “перад” ці “ў аддаленні”, але крочыць з імі, любячы іх любоўю Хрыста. Папросім Пана, каб даў нам плечы, моцныя як у Яго, каб узняць на іх тых, хто не мае надзеі і каб вызваліў нас ад кар’ерызму ў нашым святарскім жыцці”, - сказаў Папа.

Святарскае адгалінаванне Шанштацкага руху сёлета адзначае сваё 50-годдзе. У сувязі з гэтым Францішак заўважыў, што харызмат не павінен пераўтварыцца ў “музейны экспанат”, захоўвацца ў шкляной вітрыне выключна для сузірання. Быць верным харызмату не азначае закупорыць яго ў бутэльцы, як дысцыліраваную ваду. “Неабходна адкрыць яе і дазволіць яму выйсці, каб ўвайшоў у кантакт з рэальнасцю, з людзьмі, з іх турботамі і праблемамі”, - заўважыў Святы Айцец. Францішак заклікаў святароў не баяцца рэальнасці, а прымаць яе, як дабро. Напрыканцы аўдыенцыі Папа падкрэсліў важнасць святарскай супольнасці і здольнасць прабачаць. 

Шанштацкі рух з’яўляецца міжнародным каталіцкім рухам, заснаваным у 1914 г. нямецкім святаром а. Ёзэфам Кентэніхам. Мэта супольнасці заключаецца ў апостальскай дзейнасці. Шанштацкі рух мае марыйную духоўнасць і аб’ядноўвае святароў, законнікаў і законніц, свецкіх вернікаў, сем’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.