2015-09-01 16:08:00

Семінарыі (II)


Сёння ў нашай перадачы мы працягнем гаворку аб нормах права, якія датычаць функцыянавання духоўных семінарый – навучальных устаноў, у якой мужчыны рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту пасвячэння. 

Мы ўжо казалі аб тым, што духоўная фармацыя алюмнаў у семінарыі і дактрынальная падрыхтоўка павінны гарманічна злучацца і накіроўвацца да таго, каб алюмны, кожны згодна з уласнымі здольнасцямі, разам з адпаведнай чалавечай сталасцю здабывалі таксама дух Евангелля і цесную сувязь з Хрыстом. Праз духоўную фармацыю семінарысты павінны стацца здольнымі да плённага выканання пастырскай паслугі і выпрацаваць місіянерскі дух, разумеючы, што паслуга, якая выконваецца заўсёды з жывой верай і любоўю, прычыняецца таксама і для іх уласнага асвячэння; таксама семінарысты павінны навучыцца выпрацоўваць тыя цноты, якія маюць вялікае значэнне ў чалавечым грамадстве, каб набыць магчымасць дасягнуць належную адпаведнасць паміж каштоўнасцямі чалавечымі і звышнатуральнымі. Таксама семінарысты павінны атрымаць такую фармацыю, каб, прасякнутыя любоўю да Хрыстовага Касцёла, звязаныя пакорай і сыноўняй любоўю з Рымскім Пантыфікам, наступнікам святога Пятра, былі прыхільныя ўласнаму біскупу як верныя яго супрацоўнікі і разам працавалі са сваімі братамі; праз сумеснае жыццё ў семінарыі і дзякуючы дружбе і лучнасці з іншымі, яны павінны падрыхтавацца да братняй еднасці з дыяцэзіяльным прэзбітэрыем, якога удзельнікамі будуць ў службе Касцёла.

Але для таго, каб семінарысты змаглі сапраўды выконваць гэтыя заданні, падчас усяго семінарыйнага выхавання яны павінны выкарыстоўваць адпаведныя сродкі, якія прапаноўвае Касцёл – так, цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарысцыі павінна быць цэнтрам усяго жыцця семінарыі, каб семінарысты, удзельнічаючы штодзённа ў любові Хрыста, чэрпалі перад усім з гэтай найглыбейшай крыніцы сілу духа для апостальскай працы і для свайго духоўнага жыцця, таксама, хаця семінарысты і не маюць абавязку, але яны павінны вучыцца цэлебрацыі Літургіі гадзінаў, якой Божыя слугі ад імя Касцёла моляцца Богу не толькі за ўвесь давераны ім народ, але і за ўвесь свет, таксама трэба ажыццяўляць культ Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама праз ружанец, духоўнае разважанне і іншыя пабожныя практыкі, праз якія семінарысты здабываюць духа малітвы і атрымоўваюць умацаванне для ўласнага паклікання, таксама семінарысты павінны прызвычайвацца да частага карыстання з сакрамэнту пакаяння, і рэкамендуецца, каб кожны меў кіраўніка свайго духоўнага жыцця, выбранага добраахвотна, перад якім мог бы з поўным даверам адкрыць сваё сумленне. Штогадова семінарысты павінны ўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях, праз адпаведную падрыхтоўку яны павінны падрыхтавацца да захавання цэлібату і навучыцца яго цаніць як асаблівы Божы дар, таксама вельмі важна належным чынам паведамляць алюмнам аб абавязках і заботах слугаў Касцёла, не ўкрываюцы ніякія цяжкасці святарскага жыцця.

Але акрамя духоўнай падрыхтоўкі, вельмі важным элементам у выхаванні будучых святароў з’яўляецца таксама інтэлектуальная або дактрынальная падрыхтоўка, якая скіравана да таго, каб семінарысты, разам з агульнай культурай, адпаведнай патрабаванням месца і часу, атрымалі шырокія і грунтоўныя веды ў дактрынах святых дысцыплінаў, каб, абапіраючыся на іх і кормячы імі сваю веру, яны маглі абвяшчаць вучэнне Евангелля сваім сучаснікам, адпаведна са здольнасцямі кожнага з іх, таму ў “Плане падрыхтоўкі святароў” павінна быць прадугледжана, каб алюмны не толькі дакладна вывучалі родную мову, але таксама каб добра ведалі лацінскую мову і валодалі адпаведнымі ведамі ў замежных мовах, якія могуць быць неабходнымі або карыснымі для іх падрыхтоўкі або для ажыццяўлення пастырскай паслугі. 

Філасофскую адукацыю, якая павінна абапірацца на непрамінушчую філасофскую спадчыну, а таксама прымаць на ўвагу сучасныя філасофскія даследванні,  трэба арганізаваць такім чынам, каб яна ўдасканальвала гуманітарную фармацыю алюмнаў, развівала розум, а таксама рыхтавала іх да вывучэння тэалагічных дысцыплінаў. Тэалагічная адукацыя, у святле веры пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытута, так павінна быць арганізавана, каб алюмны спасцігалі поўную каталіцкую дактрыну, якая абапіраецца на Божае Аб’яўленне, знаходзілі ў ёй крыніцу для ўласнага духоўнага жыцця, і, выконваючы сваю паслугу, умелі адпаведным чынам яе абвяшчаць і бараніць, з асаблівай стараннасцю алюмнаў трэба навучаць Святому Пісанню такім чынам, каб яны атрымалі прадстаўленне цалкам аб усім Святым Пісанні. Трэба праводзіць лекцыі па дагматычнай тэалогіі, якая заўсёды абапіраецца на пісанае Божае Слова і святую Традыцыю, дзякуючы чаму алюмны вучацца, асабліва за настаўнікам св. Тамашам, глыбей унікаць у таямніцу збаўлення; таксама павінны праводзіцца лекцыі па маральнай і пастаральнай тэалогіі, кананічнаму праву, літургіцы, гісторыі Касцёла, а таксама па іншых дысцыплінах, дапаможных і спецыяльных, згодна з “Планам падрыхтоўкі святароў”. Вывучэнне ўсіх гэтых дысцыплін павінна дапамагаць семінарыстам стаць добрымі і адукаванымі святарамі. У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб духоўных семінарыях, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.