2015-09-01 16:05:00

Семінарыі (I)


У сённяшняй нашай перадачы мы пачнём гаворку пра духоўныя семінарыі – навучальныя ўстановы, дзе мужчыны, якія адчуваюць у сябе пакліканне да Божай службы, рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Існуюць вельмі канкрэтныя нормы права, якія рэгулююць дзейнасць гэтых навучальных устаноў, і аб гэтых нормах мы сёння пагаворым.

У кожнай дыяцэзіі, дзе гэта магчыма і мэтазгодна, павінна быць вышэйшая семінарыя; але сёння не заўсёды гэта мэтазгодна па розных прычынах - у такім выпадку алюмнаў, якія рыхтуюцца да святой паслугі, трэба даверыць семінарыі іншай дыяцэзіі або заснаваць міждыяцэзіяльную семінарыю. Міждыяцэзіяльную семінарыю можна заснаваць  толькі пасля таго, як і само заснаванне семінарыі, і яе статуты будуць зацверджаныя Апостальскай Сталіцай, апрача гэтага патрабуецца зацвярджэнне Канферэнцыі Біскупаў – калі гаворка ідзе аб семінарыі для ўсёй тэрыторыі дадзенай Канферэнцыі – або асобных зацікаўленых Біскупаў. У Беларусі мы маем адну дыяцэзіяльную духоўныю семінарыю ў Гродне, дзе навучаюцца будучыя святары для Гродзенскай дыяцэзіі, і таксама міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Пінску, у якой вучацца будучыя душпастыры Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзіяў. Для заснавання міждыяцэзіяльнай семінарыі патрабавалася згода Апостальскага Пасаду і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, біскупа віцебскага і біскупа пінскага. 

У кожнай семінарыі павінен быць рэктар, які яе ўзначальвае, а пры неабходнасці таксама віцэрэктар, эканом, а таксама, калі навучанне алюмнаў адбываецца ў самой семінарыі, выкладчыкі, якія навучаюць розным дысцыплінам, якія адпаведным чынам узгодненыя між сабой. Таксама ў кожнай духоўнай семінарыі павінен быць па меншай меры адзін духоўны кіраўнік, але пры гэтым семінарысты могуць свабодна звяртацца да іншых святароў, якіх біскуп прызначае для споведзі сумінарыстаў або для іх духоўнага кіраўніцтва. Апрача звычайных спаведнікоў, у семінарыю павінны рэгулярна прыходзіць таксама іншыя спаведнікі, акрамя гэтага, захоўваючы дысцыпліну семінарыі, алюмны заўсёды маюць поўнае права звярнуцца да іншага спаведніка, у самой семінарыі або за яе межамі. Але існуе вельмі строгае правіла, што прымаючы рашэнне аб дапушчэнні алюмнаў да пасвячэння або аб выдаленні з семінарыі, ніколі нельга пытацца меркавання духоўнага кіраўніка і спаведнікоў.

У вышэйшую семінарыю дыяцэзіяльны біскуп павінен прымаць толькі тых, хто, беручы пад увагу іх чалавечыя і маральныя, духоўныя і інтэлектуальныя якасці, іх фізічнае і псіхічнае здароўе, а таксама шчырую волю, прадстаўляюцца здольнымі да сталага аддання на святую службу. Перад прыёмам яны павінны прадставіць дакументы аб хросце і канфірмацыі, а таксама іншыя дакументы паводле прадпісанняў “Плана падрыхтоўкі святароў”. Таксама ў семінарыю могуць быць прыняты маладыя людзі, якія ўжо некалі былі ў іншай семінарыі або ў манаскім інстытуце, толькі ў такіх выпадках патрабуецца пасведчанне адпаведнага настаяцеля, асабліва аб прычыне выдалення або адыходу.

У кожнай краіне павінен існаваць “План падрыхтоўкі святароў”, усталяваны Канферэнцыяй Біскупаў з захаваннем нормаў, выдадзеных вярхоўнай Касцёльнай уладай і зацверджаны Святым Пасадам; пры гэтым пры змене абставінаў гэты “План” павінен быць прыстасаваны да новых умоў са згодай Святога Пасаду; гэты “План” павінен акрэсліваць найважнейшыя прынцыпы, а таксама агульныя нормы адукацыі, прыстасаваныя да пастаральных патрэбаў кожнага рэгіёна або правінцыі. І гэтыя нормы павінны быць захаваныя ва ўсіх семінарыях дадзенай краіны. Акрамя гэтага, кожная семінарыя павінна мець уласны распарадак, зацверджаны дыяцэзіяльным біскупам, або, калі гаворка ідзе аб міждыяцэзіяльнай семінарыі, усімі зацікаўленымі біскупамі; гэты распарадак павінен прыводзіць нормы “Плана падрыхтоўкі святароў” у адпаведнасць з канкрэтнымі абставінамі і больш падрабязна акрэсліваць перад усім тыя пункты дысцыпліны, якія датычаць штодзённага жыцця алюмнаў і парадку ўсёй семінарыі. Духоўная фармацыя алюмнаў у семінарыі і дактрынальная падрыхтоўка павінны гарманічна злучацца і накіроўвацца да таго, каб алюмны, кожны згодна з уласнымі здольнасцямі, разам з адпаведнай чалавечай сталасцю здабывалі таксама дух Евангелля і цесную сувязь з Хрыстом. У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб духоўных семінарыях, а на сёння я з вамі  развітваюся. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.