2015-09-01 15:54:00

Правы і абавязкі свецкіх вернікаў


Сёння ў нашай перадачы мы пагаворым аб правах і абавязках свецкіх вернікаў. Апроч тых абавязкаў і правоў, якія з’яўляюцца агульнымі для ўсіх вернікаў, свецкія вернікі маюць абавязкі і правы, уласныя для іх статуса ў Касцёле.

Свецкія, таксама як і ўсе вернікі, праз хрост і канфірмацыю прадвызначаныя Богам да апостальства, маюць агульны абавязак і права супрацоўнічаць, як індывідуальна, так і аб’ядноўваючыся ў таварыствы, дзеля таго, каб Божую вестку аб збаўленні спазналі і прынялі ўсе людзі на ўсёй зямлі; гэты абавязак становіцца яшчэ больш моцным у тых акалічнасцях, калі толькі дзякуючы свецкім людзі могуць пачуць Евангелле і даведацца аб Хрысце, напрыклад, у месцах працы ці ў іншых асяроддзях, куды духоўныя асобы не могуць штодзённа прыходзіць і абвяшчаць Божае Слова. Кожны са свецкіх вернікаў, згодна са сваім становішчам, мае таксама асаблівы абавязак насычаць і ўдасканальваць евангелічным духам тое, што ён робіць на гэтым свеце, каб такім чынам сведчыць аб Хрысце, асабліва ў выкананні сваіх непасрэдных абавязкаў. 

Тыя, хто жывуць у сужэнстве, маюць асаблівы абавязак – яны павінны супрацоўнічаць у будаванні Божага Народа праз сужэнства і сям’ю згодна са сваім пакліканнем. Бацькі, паколькі далі сваім дзецям жыццё, маюць важнейшы абавязак і права іх выхавання; таму бацькі-хрысціяне павінны ў першую чаргу дбаць аб тым, каб іх дзеці былі выхаваныя згодна з навукай, якую пераказвае Касцёл.

Таксама свецкія вернікі маюць права на тое, каб у справах зямных ім прадастаўлялася тая самая свабода, што і іншым грамадзянам; аднак, карыстаючыся гэтай свабодай, яны павінны дбаць аб тым, каб іх дзейнасць была прасякнута евангелічным духам, а яны самі прытрымліваліся навукі, якую абвяшчае Настаўніцкі Інстытут Касцёла, перасцерагаючыся аднак, у адкрытых пытаннях прадстаўляць сваё меркаванне за навуку Касцёла. 

Адпаведна падрыхтаваныя свецкія вернікі з’яўляюцца здольнымі прымаць ад святых пастыраў тыя касцёльныя пасады і абавязкі, якія яны могуць выконваць згодна з прадпісаннямі права. Свецкія, якія выдзяляюцца адпаведнымі ведамі, разумнасцю і сумленнасцю, з’яўляюцца здольнымі для таго, каб аказваць пастырам Касцёла дапамогу як эксперты і дарадчыкі, у тым ліку і ў складзе розных пастырскіх саветаў згодна з прадпісаннямі права. Тут варта заўважыць, што гаворка ідзе не аб тым, што свецкія вернікі маюць права выконваць пэўныя пастырскія абавязкі, а з’яўляюцца здольнымі на моцы сакрамэнту хросту для іх выканання. Свецкія вернікі могуць у касцёле быць суддзямі, працаваць на пэўных пасадах у курыі, быць членамі эканамічных радаў і г.д. 

Свецкія, каб маглі жыць згодна з хрысціянскай навукай, прапаведваць яе і пры неабходнасці бараніць яе, а таксама для таго, каб быць здольнымі да ўдзелу ў ажыццяўленні апостальства, маюць абавязак і права набываць веды аб гэтай навуцы, згодна са здольнасцямі і магчымасцямі кожнага. Яны таксама маюць абавязак набываць больш глыбокія веды ў святых навуках, якія выкладаюцца ва ўніверсітэтах, на факультэтах, а таксама ў інстытутах рэлігійных навук, наведваючы ў іх лекцыі і атрымоўваючы вучоныя ступені. Захоўваючы прадпісанні, якія датычаць патрабуемай здатнасці, свецкія таксама могуць атрымаць ад кампетэнтнай касцёльнай улады мандат на выкладанне святых навук.

Свецкія мужчыны, дасягнуўшыя таго ўзросту і валодаючыя тымі дадзенымі, якія вызначаныя дэкрэтам каферэнцыі Біскупаў, пасля здзяйснення прадпісанага літургічнага абраду, могуць прызначацца на пастаяннае служэнне лектара або акаліты. Гэтыя паслугі, якія звязаны з абвяшчэннем Божага Слова і дапамогай ва ўдзяленні Цела Хрыста з’яўляюцца вельмі важнымі ў Касцёле, таму нават калі ў парафіі няма вызначанага на стала лектара, вернікі могуць быць часова вызначаныя для выканання падчас літургічных дзеянняў гэтай функцыі; таксама ўсе вернікі могуць выконваць заданні каментатара, кантара і іншых, а там, дзе існуе патрэба Касцёла, пры недахопе святароў свецкія вернікі, нават не будучы лектарамі і акалітамі, могуць выконваць некаторыя іх абавязкі: ажыццяўляць служэнне слова, праводзіць літургічныя малітвы, удзяляць Хрост і раздзяляць Святую Камунію, але заўсёды яны могуць гэта рабіць толькі з дазволу адпаведнай касцёльнай улады. Свецкія вернікі, якія пастаянна або часова прысвячаюць сябе касцёльнаму служэнню, павінны атрымаць належную падрыхтоўку, неабходную для якаснага выканання свайго служэння і выконваць сваё служэнне свядома, уважліва і пільна. У наступнай нашай перадачы мы пачнём гаворку аб правах і абавязках духоўных асобаў, а на сёння я з вамі развітваюся. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.