2015-09-01 10:06:00

Беларусь: як з экалагічнымі праектамі ў Касцёле?


1 верасня ў касцёлах Беларусі – разам з усімі католікамі свету – моляцца аб ахове Божага стварэння. Нагадаем, Святы Айцец Францішак устанавіў Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які будзе святкавацца штогод у першы восеньскі дзень. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё задалася пытаннем: што Касцёл у Беларусі робіць для аховы стварэння, як беражэ прыроду і клапоціцца аб экалогіі?

На жаль, прыкладаў знайшлося не шмат, буйных экалагічных праектаў Касцёл у краіне пакуль не вядзе. Але ёсць асобныя ініцыятывы, якія ўвасабляюць заклік папы Францішка і падкрэсліваюць ашчаднае стаўленне Касцёла да навакольнага асяроддзя.

Што тычыцца канкрэтных дзеянняў у справе клопату аб прыродзе, то многія беларускія каталіцкія парафіі выбралі для ацяплення сваіх святыняў прыродны газ замест “забрудняльных” мазуту і вугля. Напрыклад – парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе. Яе пробашч кс. Уладзімір Буклярэвіч распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што пры вырашэнні пытання ацяплення экалагічны фактар быў сярод вызначальных.

“Наша святыня знаходзіцца на ўскраі горада, блізка ёсць два вадаёмы і невялічкі парк. Таму, калі мы думалі над пытаннем ацяплення святыні, вырашылі, што павінны з павагай паставіцца да прыроды, і абралі газ для абагрэву святыні. Хоць кошты былі немалыя, каб давесці сюды газ, усё ж мы пастанавілі гэта зрабіць, каб наваколле заставалася такім жа прыгожым і не забруджаным. І каб людзі, якія будуць прыходзіць на св. Імшу, дзеці, што будуць знаходзіцца ў святыні і каля яе, адчувалі прыемнае паветра, добрую атмасферу”, - сказаў пробашч.

А побач – у Лагішыне – лакальны экалагічны праект развіваецца яшчэ з 2012 г. У той час тут быў пабудаваны каталіцкі Дом міласэрнасці, і адразу на яго даху былі ўсталяваныя сонечныя батарэі.

“Гэты праект – для дапамогі ацяплення і падагрэву вады Дома міласэрнасці. Такім чынам мы выкарыстоўваем сонечную энергію і беражэм прыроду. Наш праект быў адным з першых у Беларусі, і для таго, каб яго пачаць, патрэбны быў нават подпіс Прэзідэнта. Ініцыятыва зыходзіла ад ксяндзоў-арыяністаў з Малой справы Божага Провіду і была падтрымана кардыналам Казімірам Свёнткам”, - зазначыў дырэктар установы Аляксандр Фядковіч.

Экалагічных ініцыятыў у Касцёле ў Беларусі магчыма і ня шмат, але католікі рэалізуюць па-сапраўднаму інавацыйныя для краіны праекты. Так, напрыклад, ацяпляльная сістэма касцёла ў Браславе заснавана на штучнай геатэрмальнай крыніцы. Гэта найлепшы на сённяшні дзень прыклад эканамічнага і экалагічнага віду ацяплення.

Думаецца, што пасля новай энцыклікі Папы аб ахове навакольнага асяроддзя і ўстанаўлення Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння, больш духоўных асобаў і свецкіх вернікаў задумаюцца аб неабходнасці ўласным прыкладам паказваць заклапочанасць станам экалогіі, і экалагічных праектаў у Касцёле ў Беларусі стане больш.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.