2015-08-31 12:59:00

Часы і месцы святыя (V)


Напэўна, усе мы добра ведаем, што на працягу года ў літургічным жыцці Касцёла існуюць спецыяльныя дні і перыяды, звязаныя з пэўнымі выдарэннямі. І сёння ў нашай перадачы мы пагаворым аб святых часах, якія існуюць у Касцёле, а менавіта аб святочных днях і днях пакаяння.

Кодэкс пералічвае дні, якія з’яўляюцца ў касцёле святочнымі. Нядзеля, калі цэлебруецца пасхальная таямніца, згодна з Апостальскай традыцыяй, павінна захоўвацца ва ўсім Касцёле як найдаўнейшы абавязковы святочны дзень. Акрамя гэтага, трэба святкаваць дні Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста, Аб’яўлення, Унебаўшэсця, а таксама Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, яе Беззаганнага Зачацця і Ўнебаўзяцця, святога Юзафа, святых Апосталаў Пятра і Паўла і, нарэшце, дзень Усіх Святых. Гэта пералік так званых абавязковых святаў. У нядзелю, а таксама ў іншыя абавязковыя святы вернікі абавязаныя прымаць удзел у святой Імшы; акрамя гэтага, яны павінны ўстрымлівацца ад прац і заняткаў, якія могуць перашкодзіць аддаванню Богу пашаны, радасці, уласцівай Божаму дню, або адпаведнаму душэўнаму або цялеснаму адпачынку. Калі нехта не ўдзельнічае ў гэтыя дні ў святочнай Святой Імшы, мае цяжкі грэх, і не можа прыступаць да Святой Камуніі, не паспавядаўшыся. Часамі ў людзей узнікаюць пытанні, ці абавязкова быць на Святой Імшы ў іншыя святочныя дні, якіх няма ў гэтым пераліку, напрыклад у Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Перамянення Пана ці ўспаміну святой Агаты ці святога Блажэя. Абавязку ўдзельнічаць у Святой Імшы ў гэтыя дні няма, але калі ёсць пабожная традыцыя і ёсць магчымасць, то канешне, рэкамендуецца быць таксама на Святых Імшах і ў неабавязковыя святы, толькі не трэба спавядацца з таго, што ў адзін з гэтых дзён не ўдалося пабыць на Святой Імшы.

Абавязак удзелу ў святой Імшы выконвае той, хто прысутнічае на ёй у любым месцы, дзе яна цэлебруецца ў каталіцкім абрадзе, або ў сам святочны дзень, або вечарам напярэдадні. Даволі часта ў нашых касцёлах у суботу вечарам ужо цэлебруецца Святая Імша з нядзелі. Але яна таксама можа цэлебравацца з суботы, гэта не важна, але той, хто пабыў на Святой Імшы ў суботу вечарам, ужо мае “залічаны” абавязак быцця на Святой Імшы нядзельнай. Не важна, з якога фармуляру цэлебруецца святая Імша ў суботу.

Калі з-за адсутнасці святога распарадчыка або па іншай сур’ёзнай прычыне ўдзел у эўхарыстычнай цэлебрацыі аказваецца немагчымым, то настойліва рэкамендуецца, каб вернікі бралі ўдзел у Літургіі Слова, якая цэлебруецца ў парафіяльным касцёле або ў іншым святым месцы паводле прадпісанняў дыяцэзіяльнага Біскупа, або памаліцца на працягу адпаведнага часу – асабіста або ў сям’і, або, калі гэта магчыма, у групе сем’яў.

Але акрамя святочных дзён існуюць таксама ў Касцёле дні пакаяння. Усе вернікі, кожны сваім чынам, з моцы Божага закону маюць абавязак пакаяння; але для таго, каб яны ўсе нейкім чынам з’ядналіся паміж сабой для пакаяння, прадпісваюцца дні пакаяння, калі вернікі павінны асаблівым чынам аддавацца малітве, рабіць пабожныя справы і справы міласэрнасці, выракацца саміх сябе, верна выконваючы свае абавязкі, але перад усім праз захаванне посту і ўстрыманне. Днямі і часамі пакаяння ва ўсім Касцёле з’яўляюцца ўсе пятніцы на працягу ўсяго года, а таксама час Вялікага Посту. Тут хацелася б заўважыць, што час адвэнту, які мы цяпер перажываем, не з’яўляецца ў Касцёле часам пакаяння, гэта час радаснага чакання на прыйсце Пана. І хаця існуе традыцыя весці больш сціплы стыль жыцця ў гэты час, аднак трэба ведаць, што час адвэнту не носіць такога ярка выражанага пакаяннага характару, як Вялікі Пост. 

Трэба таксама ведаць, што ў Касцёле існуюць паняцці ўстрымання (абмежаванне ад прыняцця пэўнай ежы, у нашым выпадку, мяса) і посту (датычаць колькасці ежы).  Устрыманне ад мясных або іншых блюдаў трэба захоўваць ва ўсе пятніцы ўсяго года, хіба што ў некаторыя з іх прыпадаюць абавязковыя ўрачыстасці; а ўстрыманне і пост з’яўляюцца абавязковымі ў Папяльцовую Сераду, а таксама Вялікую Пятніцу мукі і смерці Пана нашага Езуса Хрыста. Устава аб устрыманні з’яўляецца абавязковай для тых, каму споўнілася чатырнаццаць гадоў; а ўстава аб посце – для ўсіх паўналетніх да пачатку шасцідзясятага году жыцця. Аднак душпастыры і бацькі павінны клапаціцца аб тым, каб тыя, для каго з-за меншага ўзросту ўставы аб посце і ўстрыманні яшчэ не з’яўляюцца абавязковымі, выхоўваліся ў сапраўдным пачуцці пакаяння. Таму людзі, старэйшыя ад указанага веку, не павінны спавядацца з таго, што спажывалі мясныя пакармы ў пятніцу. Такім чынам мы заканчваем нашыя разважанні аб прадпісаннях права, якія рэгулююць дзеянні Касцёла ў выкананні яго асвячальнага задання і на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.