2015-08-31 11:31:00

У Беларусі абяруць лепшыя хрысціянскія фільмы


Беларускі рэжысёр Віталь Любецкі на адкрыцці фестываля “Magnificat-2015”, нібыта, не хвалюецца. Хаця прадстаўляе ў гэтым годзе незвычайны для фестывальнай праграмы твор – кліп. Маладая выканаўца і скрыпачка Юлія Лебядзенка спявае на фоне разбуранага касцёла і могілак спявае амаль самую вядому малітву “Авэ Марыя” Качыні. У 4-х хвілінах змясцілася ўсё – і боль разбураных храмаў у Беларусі, і надзея, што некалі яны паўстануць з нябыту. “Мэта такая: вось стаіць святыня, ужо доўгі час стаіць разбуранай і нічога не робіцца дзеля яе адраджэння. Мы здымалі таксама на разьураных могілках. Вось такая сувязь стагоддзяў. Увогуле, гэта было натхненне. А што атрымалася – убачыце”, - сказаў Віталь Любецкі. Месцам для кліпу абрана каталіцкая святыня ў вёсцы Зембін Барысаўскага раёна. 

Яшчэ аб адным храме – ужо праваслаўным – расказвае ішная работа беларускага рэжысёра, прадстаўленая на кінафоруме. “І цемра не агорне яго” – гісторыя царквы ў тым жа Зембіне, якую ў 1965 г. разбурылі спецыяльна для здымак кінафільму “Пераклічка”. Дзеля некалькіх кадраў рэжысёрская каманда 50 гадоў таму атрымала дазвол ад мясцовых уладаў, каб танкам зруйнаваць храм. Цікава, што здымаўся ў тым фільме малады Нікіта Міхалкоў, да якога з прозьбамі дапамагчы ў адраджэнні храма ўжо сёння звярталіся мясцовыя жыхары Зембіна. Але вядомы мецэнат і кінарэжысёр так і не адказаў на гэтыя лісты. Насуперак усяму царкву ўсё ж адрадзілі, і ў 2015 г. яна зноў адчыніла свае дзверы. 

Пра веру, справядліваць, людзей, з якіх можна і трэба браць прыклад – менавіта такія фільмы кожны год складаюць праграму міжнароднага каталіцкага кінафестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”. Хоць некаторыя аўтары не пагаджаюцца з падзелам кінематографа на хрысціянскі і не-хрысціянскі. Ёсць стужкі для забавы і масавага гледача, а ёсць кіно для разважанняў і людзей, якія пасля прагляду вырашаюць змяніць сваё жыццё – вось як можна падзяліць сённяшні кінематограф. Менавіта па гэтай прычыне фільмы апошнія цяжка прабіваюцца на “свецкія” фестывалі і не трансліруюцца па тэлебачанні, лічыць рэжысёр Армэн Гаспаран . “Вельмі дрэнна, калі хрысціянскае кіно пападае ў нейкі клуб рэлігійных фестываляў. Ці змяніліся каштоўнасці, ці змяніліся крытэрыі, але сёння, на жаль, хрысціянскае кіно вельмі складана прабіваееца на іншыя фестывалі. Таму што людзям патрэбны забавы, а хрысціянскае кіно абавязвае – хаця б задумацца аб сваім жыцці, аб жыцці іншых. А гэта ў ліберальным свеце сёння не вітаецца. А хрысціянства для мяне ў першую чаргу – адказнасць”, - выказаў думку рэжысёр. 
     
Армэн Гаспаран у гэтым годзе прывёз у Беларусь сумесную армяна-аргентынскую стужку “Белы дзень” – фільм-напамін аб генацыдзе армянскага народа. Менавіта ў гэтым годзе ў базыліцы св. Пятра папа Францішак назваў генацыд армян адной з самых жудасных трагедый ХХ стагоддзя і паранаў яго са злачынствамі сталінізму і нацызму. 

Міхал Куркевіч, а ён не першы год удзельнічае ў фестывале ў якасці члена журы, прыязджае на “Magnificat” менавіта за гэтым – пачуць так званую новую гісторыю. “Чым для мяне цікавы фестываль, як для гісторыка, дык гэта гістарычнымі фільмамі, гісторыяй малых гарадоў і мястэчак, гісторыяй так званай “малой радзімы”. У Польшчы зараз шмат на гэту тэму пішуць кніг, гэта так званая новая гісторыя”, - адзначыў удзельнік кінафорума.  

Нагадаць аб гістарычных фактах або паведаміць аб нікому не вядомых людзях – добрыя і прафесійна зробленыя фільмы будуць запатрабаваны ў любы час, лічыць старшыня фестывалю “Magnificat” Юрый Гарулёў. Больш за тое, беларускі глядач даўно чакаў такіх стужак і з вялікай цікавасцю прымае кінафорум. “У Беларусі, наадварот, хрысціянскі кінематограф хапатрабаваны, калі людзі з ім сустракаюцца, яны кажуць, дзе вы раней былі, чаму раней не прыйшлі. І гэта пытанне справядлівае. Таму мы павінны часцей выходзіць да людзей, якія с задавальненнем становяцца гледачамі нашага фестывалю”, - паведаміў Юрый Гарулёў. 

На сёлетнім фестывале – а ён 11-ты па ліку – прадстаўлены 48 стужак з 16 краін – ад Іспаніі да Індыі, ад Ірландскага мора да Атлантычнага акіяну. Напярэданні кінафорум адкрыўся ў Мінску, а сёння пераехаў у Глыбокае, дзе пройдзе асноўная частка конкурсных праглядаў. На працягу 5-ці дзён журы павінна выявіць лепшых з годных.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.