2015-08-31 13:08:00

Вернікі


Сёння ў нашай перадачы мы пачынаем разважанні аб новай частцы касцёльнага заканадаўства, якая непасрэдна датычыць вернікаў. Хто такія вернікі, у чым розніца паміж духоўнымі і свецкімі асобамі, якія правы і абавязкі маюць вернікі, аб усім гэтым мы будзем разважаць далей у нашых перадачах.

І мне хацелася б пачаць нашыя разважанні з адказу на пытанне – хто ж такія вернікі. Кодэкс гаворыць, што вернікі – гэта тыя, хто праз хрост уключаныя ў Хрыста, складаюць Народ Божы, і, дзякуючы гэтаму, па-свойму становяцца ўдзельнікамі святарскага, прароцкага і валадарскага задання Хрыста, і пакліканыя, згодна са станам кожнага з іх, да выканання місіі, якую Бог даручыў Касцёлу выконваць у свеце. Іншымі словамі, кодэкс падкрэслівае, што праз прыняцце сакрамэнту хросту ўсе мы становімся вернікамі ў Касцёле, усе маем акднолькавую годнасць Божых дзяцей і маем пэўныя правы і абавязкі, але не ўладу, таму што трайная місія Хрыста – святарская, прароцкая і валадарская не маюць іерархічнага характару. Усе вернікі, гэта азначае, усе ахрышчаныя маюць удзел у агульным святарстве Езуса Хрыста, моцай якога саўдзельнічаюць у эўхарыстычнай ахвяры, прымаюць сакрамэнты, моляцца, дзякуюць Богу за атрыманыя дары, даюць сведчанне сваёй веры і г.д. І гэты Касцёл, устаноўлены і ўпарадкаваны на гэтым свеце як супольнасць, трывае ў Каталіцкім Касцёле, кіраваным наступнікам Пятра і біскупамі ў камуніі з ім.

Што азначае быць у камуніі з Касцёлам? У поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам на гэтай зямлі знаходзяцца тыя ахрышчаныя, якія ў яго бачнай структуры злучаюцца з Хрыстом праз повязі вызнання веры, сакрамэнтаў і касцёльнага кіраўніцтва. Каб быць у поўні вучнем Хрыста і членам Яго Касцёла згодна з Божым планам, неабходна захаванне адзінства з супольнасцю Касцёла. Тымі вузламі, якія злучаюць чалавека з супольнасцю Касцёла з’яўляюцца вера, сакрамэнты і адзінства з касцёльнай іерархіяй. 

Але мы ведаем, што Хрыстус памёр за ўсіх людзей, таму таксама і неахрышчаныя пакліканыя да збаўлення і да прыналежнасці да Касцёла. Але таксама і неахрышчаныя могуць наблізіцца да Касцёла, і пад дзеяннем Духа Святога папрасіць аб уключэнні іх ў супольнасць Касцёла. І ад моманту выказвання іх жадання да моманту хросту праходзіць нейкі час, які называецца катэхуменатам і кодэкс права навучае, што спецыяльным спосабам з Касцёлам злучаны катэхумэны, а менавіта тыя, хто пад натхненнем Духа Святога, яўна выказваючы сваё жаданне просяць аб уключэнні ў Касцёл, а таму тым самым жаданнем, як і жыццём у веры, надзеі і любові, якое яны практыкуюць, злучаюцца з Касцёлам, які апякуецца імі як ужо сваімі членамі. Касцёл праяўляе асаблівую заботу аб катэхумэнах, запрашаючы іх весці евангельскае жыццё, якое ўводзіць іх у цэлебрацыю святых абрадаў і ўжо надзяляе рознымі прэрагатывамі, уласцівымі для хрысціянскага жыцця. 

З Божага ўстанаўлення сярод вернікаў у Касцёле ёсць святыя распарадчыкі, якія ў праве называюцца духоўнымі; астатнія ж называюцца свецкімі. Іерархічнае або службовае святарства з’яўляецца сакрамэнтальнай уладай над Целам Хрыста. Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені – епіскапат, прэзбітэрат і дыяканат. Праз прыняцце прэзбітэрату і епіскапату удзяляецца іерархічнае святарства, аднак чалавек становіцца асобай духоўнай ужо праз прыняцце сакрамэнту пасвячэння ў ступені дыякана. 

У абедзвюх частках ёсць вернікі, якія вызнаваннем евангельскіх парад праз абяцанні або іншыя святыя повязі, прызнаныя і зацверджаныя Касцёлам, асаблівым чынам прысвячаюць сябе Богу і садзейнічаюць збаўчай місіі Касцёла; іх статус, хаця і не адносіцца да іерархічнай структуры Касцёла, усё ж належыць да яго жыцця і святасці. Далей у нашых разважаннях мы будзем гаварыць аб тым, якім чынам павінна выглядаць гэтае прысвячэнне сябе Богу. Такім чынам увесь Божы народ можна ўмоўна раздзяліць на тры часткі – духоўныя асобы, манаскія асобы (сярод іх таксама могуць быць духоўныя) і свецкія вернікі. Але яшчэ раз варта адзначыць, што ў Касцёле няма лепшага ці горшага паклікання, усе мы, ахрышчаныя, з’яўляемся Божымі дзецьмі і маем аднолькавую годнасць. У наступнай нашай перадачы мы паразважаем над правамі і абавязкамі, якія маюць усе вернікі. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.