2015-08-29 15:49:00

Часы і месцы святыя (IV)


Сёння ў нашай перадачы мы закончым разважанні аб святых месцах і зараз пагаворым аб нормах права, якія датычаць алтароў, а пасля паразважаем аб могілках, як месцы вечнага спачынку для памерлых вернікаў.

Наогул, алтар – гэта стол, на якім цэлебруецца Найсвяцейшая Ахвяра. Ён называецца сталым, калі ён пабудаваны такім чынам, што становіцца злучаным з падлогай і таму не можа быць перасунуты; або называецца рухомым, калі можа быць перасунуты. Мэтазгодна, каб у кожным касцёле знаходзіўся сталы алтар; а ў іншых месцах, якія прызначаюцца для святых цэлебрацый, напрыклад, капліцах ці іншых месцах, - сталы або рухомы.

Паводле старажытнай традыцыі Касцёла стол алтара павінен быць каменным, і пры гэтым зробленым з аднаго натуральнага камня; аднак можна выкарыстоўваць таксама іншы годны і трывалы матэрыял з дазволу Канферэнцыі Біскупаў. Слупы алтара або яго аснова могуць быць зробленыя з любога матэрыяла. Што ж датычыць рухомага алтара, то яго можна збудаваць з любога трывалага матэрыяла, прыгоднага для літургічнага выкарыстання.

Сталыя алтары павінны быць асвечаныя; а рухомыя – асвечнаныя або па меншай меры благаслаўлёныя, паводле абрадаў, прадпісаных у літургічных кнігах. Пачынаючы са старажытных часоў хрысціянства існавала традыцыя захавання ў алтарах рэліквій святых, сёння гэта не абавязковае патрабаванне для алтара (нават у рухомых алтарах гэта забаронена рабіць), аднак там, дзе такая традыцыя ёсць, яе трэба захаваць.

Як і кожнае іншае святое месца, алтар страчвае сваё асвячэнне або благаслаўленне тады, калі большая яго частка будзе разбурана, або ён пяройдзе да сталага свецкага ўжытку дэкрэтам кампетэнтнага ардынарыя або фактычна, аднак праз перадачу касцёла або іншага святога месца для карыстання ў свецкіх мэтах ані сталыя, ані рухомыя алтары не страчваюць свайго асвячэння або благаслаўлення.

Алтары, як сталыя так і рухомыя, павінны быць прадназначаныя толькі для Божага культа, поўнасцю выключаючы магчымасць іх выкарыстання ў свецкіх мэтах, а таксама варта памятаць, што пад алтаром нельга размяшчаць цела памерлага; у супраціўным выпадку на ім нельга цэлебраваць Святую Імшу, аднак гэтае патрабаванне не датычыць крыпты над алтаром, якая аддзелена ад алтара скляпеннем.

Зараз некалькі слоў скажам аб каталіцкіх могілках. Хачу падкрэсліць, што мы гаворым менавіта аб каталіцкіх могілках, а не аб тых, якія знаходзяцца ў веданні дзяржавы, бо там часцей за ўсё нельга выканаць усе нормы, якія датычаць каталіцкіх могілак, але пры магчымасці гэтыя нормы павінны захавацца. . Там, дзе гэта магчыма, Касцёл павінен мець уласныя могілкі або па меншай меры ўчасткі на цывільных могілках, прадназначаныя для пахавання вернікаў, і гэтыя могілкі павінны быць благаслаўлёныя належным абрадам. Калі гэта немагчыма, то трэба кожны раз належным чынам благаславіць кожную магілу. Таксама парафіі і манаскія інстытуты могуць мець уласныя могілкі. Іншыя юрыдычныя асобы або сем’і могуць мець уласныя могілкі або склеп, якія паводле суджэння ардынарыя месца можна благаславіць.

У касцёлах не належыць хаваць целы памерлых, хіба што гаворка ідзе аб Рымскім Пантыфіку, Кардыналах або дыяцэзіяльных біскупах, таксама і ганаровых, якія павінны быць пахаваныя ў іх уласным касцёле. Даўней існаваў звычай, калі розныя людзі, звязаныя з пэўным касцёлам, напрыклад, фундатары і г.д.) маглі быць пахаваныя ў касцёле, але цяпер у касцёлах могуць быць хаваныя толькі Рымскія Пантыфікі, кардыналы і дыяцэзіяльныя біскупы. Нават недыяцэзіяльных біскупаў (напрыклад, дапаможных або каад’ютараў) таксама нельга хаваць у касцёлах. Але варта заўважыць, што гэта забарона датычыць усіх касцёлаў, а не капліц, публічных і прыватных.

Незалежна ад таго, хто з’яўляецца гаспадаром могілак – ці цывільныя ці касцёльныя ўлады, менавіта касцёльная ўлада павінна ўстанавіць прадпісанні, якія абавязваюць на могілках, як на святым месцы. У наступнай перадачы мы пачнём гаворку аб святых часах, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскій

 








All the contents on this site are copyrighted ©.