2015-08-29 15:45:00

Часы і месцы святыя (III)


Сёння ў нашай перадачы мы пагаворым аб яшчэ некалькіх з відаў святых месцаў, а менавіта аб капліцах, прыватных капліцах і санктуарыях. Наогул у нашай традыцыі часам складваецца не зусім правільнае разуменне таго, чым касцёл адрозніваецца ад капліцы. Вельмі часта людзі думаюць, што каплічка – гэта проста маленькі касцёл, але гэта не так.

Капліцай называецца месца, прызначанае для Божага культа з дазволу ардынарыя для зручнасці пэўнай супольнасці або групы вернікаў, якія там збіраюцца, і куды з дазволу кампетэнтнага настаяцеля могуць прыходзіць таксама іншыя вернікі. І тут мы ўжо бачым першыя адрозненні капліц ад касцёлаў – у касцёл усе вернікі маюць права ўваходзіць, а ў капліцу – толькі тыя, хто стварае нейкую супольнасць або групу (напрыклад, капліца ў семінарыі, у манаскім доме і г.д.). Але таксама, як мы ўжо сказалі, пры пэўных умовах у капліцу таксама могуць заходзіць іншыя вернікі – часамі здараюцца сітуацыі, калі, напрыклад, у нядзелю ў капліцах манаскіх інстытутаў цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, на якую могуць прыходзіць вернікі. 

У капліцах, заснаваных законным чынам, можна справаваць усе святыя цэлебрацыі за выключэннем тых, якія будуць выключаны правам або прадпісаннем ардынарыя месца альбо тых, якія забараняюцца літургічнымі нормамі – напрыклад, у капліцах, якія не злучаныя з законным домам, наогул не дазваляецца захаванне Найсвяцейшага Сакрамэнта без дазволу ардынарыя.

Ёсць яшчэ такое паняцце як прыватная капліца. Што гэта такое? Прыватнай капліцай называецца месца, прызначанае для Божага культа з дазволу ардынарыя месца для зручнасці адной або некалькіх фізічных асобаў. Найбольш яркі прыклад прыватнай капліцы – гэта біскупская капліца, хаця de facto, і ў звычайную капліцу, і ў прыватную могуць заходзіць іншыя вернікі. Але для цэлебрацыі Імшы і іншых набажэнстваў у прыватнай капліцы патрабуецца дазвол ардынарыя месца. Капліцы і прыватныя капліцы павінны быць благаслаўлёныя паводле абраду, прадпісаннаму ў літургічных кнігах; яны павінны быць прадназначаныя толькі для Божага культа і вольнымі ад усялякага выкарыстання ў дамашніх мэтах.

Зараз пагаворым аб санктуарыях. Санктуарыем называецца касцёл або іншае святое месца, да якога, са згоды ардынарыя месца па прычыне асаблівай пабожнасці, пілігрымуюць шматлікія вернікі. Санктуарый можа быць дыяцэзіяльным, нацыянальным або міжнародным. Для таго, каб санктуарый называўся дыяцэзіяльным, патрабуецца згода дыяцэзіяльнага біскупа, для таго, каб называўся нацыянальным, павінен атрымаць згоду Канферэнцыі Біскупаў; а для таго, каб санктуарый называўся міжнародным, патрабуецца згода Святога Пасаду. Гаворачы пра Беларусь, мы ведаем, што ў нас ёсць нацыянальны санктуарый ў Будславе, а таксама існуюць дыяцэзіяльныя санктуарыі, напрыклад, у Браславе і Тракелях. Кожны санктуарый павінен мець уласныя статуты, і натуральна, што для зацвярджэння статутаў дыяцэзіяльнага санктуарыя кампетэнтным з’яўляецца ардынарый месца, для статутаў нацыянальнага санктуарыя – Канферэнцыя Біскупаў; для статутаў міжнароднага санктуарыя – Святы Пасад. У статутах трэба вызначыць перад усім мэту, уладу рэктара, права уладання і кіравання маёмасцю.

Некаторым санктуарыям могуць быць удзелены прывілеі, калі акажацца, што да гэтага скланяюць мясцовыя абставіны, вялікая колькасць пілігрымаў і асабліва дабро вернікаў. У санктуарыях вернікам павінны быць прадастаўленыя ў дастатковай колькасці сродкі збаўлення, абвяшчаючы сур’ёзна Божае слова, садзейнічаючы адпаведным чынам літургічнаму жыццю, перад усім праз цэлебрацыю сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пакаяння, а таксама развіваючы зацверджаныя формы народнай пабожнасці. Ахвяраваныя па шлюбу творы народнага мастацтва і сведчанні пабожнасці павінны захоўвацца ў санктуарыях або ў суседніх месцах, захоўваючы доступ да іх, і іх трэба дакладна сцерагчы. У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб нормах права, якімі рэгулюецца функцыянаванне розных святых месцаў, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.