2015-08-29 15:36:00

Часы і месцы святыя (I)


Сёння ў нашай перадачы мы пагаворым аб існуючых у Касцёле святых часах і святых месцах. Найперш пагаворым аб святых месцах. Якія месцы мы называем святымі? Святымі з’яўляюцца тыя месцы, якія прадназначаюцца для культа Бога або пахавання вернікаў праз асвячэнне або благаслаўленне, прадпісанае у літургічных кнігах. Найбольш звычайнымі святымі месцамі такім чынам з’яўляюцца касцёлы і могілкі. Аднак трэба заўважыць, што месца не становіцца святым сабо па сабе, нават калі там цэлебруецца Святая Імша – напрыклад, актавы зал ЖЭСа не з’яўляецца святым месцам, бо яно не асвечанае і не паблагаслаўлёнае. Асвячэнне і благаслаўленне маюць такі самы вынік – месцы становяцца святымі, адрозненне гэтых тэрмінаў у розніцы распарадчыкаў і абрадаў. Асвячэнне якога-небудзь месца – гэта абавязак дыяцэзіяльнага біскупа, а таксама тых, хто прыраўніваецца правам да яго (напрыклад, апостальскі адміністратар, тэрытарыяльны пралат, апостальскі вікарый і г.д.); яны могуць даручыць выкананне гэтага абавязку на сваёй тэрыторыі любому іншаму біскупу або, у выключных выпадках, прэзбітэру; калі ж гаворка ідзе аб благаслаўленні, то святыя месцы благаслаўляюцца ардынарыем, а не выключна дыяцэзіяльным біскупам; аднак благаслаўленне касцёлаў захоўваецца за дыяцэзіяльным біскупам, але яны абодва могуць заўсёды дэлегаваць для гэтага іншага святара.

Асвячэнне або благаслаўленне святога месца – гэта вельмі важны акт, таму для падцвярджэння здзейсненага асвячэння або благаслаўлення касцёла, а таксама благаслаўлення могілак, трэба скласці дакумент, адна копія якога захоўваецца ў дыяцэзіяльнай курыі, а другая – у архіве касцёла. Калі гэта не прычыніць каму-небудзь шкоды, то дастатковым доказам асвячэння або благаслаўлення якога-небудзь месца з’яўляецца сведчанне адной асобы, якая знаходзіцца па-за падазрэннямі.

Што можна рабіць у святым месцы? Ці там можна толькі маліцца ці, напрыклад, рабіць нейкія свецкія шоу ці дыскатэкі ці свабодна спажываць пасілкі ці алкагольныя напоі? У святым месцы дазваляецца толькі тое, што служыць выкананню і развіццю культа Бога, пабожнасці і рэлігіі, і забараняецца ўсё тое, што не згаджаецца са святасцю месца. Аднак у асобных выпадках ардынарый можа дазволіць ужываць яго для іншых мэтаў, якія не супярэчаць святасці месца. Святыя месцы апаганьваюцца праз дзеянні, якія наносяць паважную шкоду са згаршэннем для вернікаў і па суджэнні ардынарыя месца з'яўляюцца настолькі цяжкімі і супярэчлівымі для святасці месца, што ў іх нельга справаваць культ да таго часу, пакуль шкода не будзе напраўлена абрадам пакаяння па нормах літургічных кніг. Чаму я так многа ўвагі прысвячаю гэтаму пытанню? Калі гаворка ідзе аб касцёлах, то наогул людзі ведаюць, што касцёл – месца святое і хто як можа стараюцца захоўваць святасць гэтага месца. Зусім жа іншая сітуацыя з могілкамі. Нажаль, яшчэ даволі часта здараюцца сітуацыі, калі могілкі становяцца месцам спажывання ежы, алкагольных напояў, гучных застолляў і г.д. Трэба заўсёды памятаць, што могілкі – гэта святое месца, месца малітвы, і там можна толькі маліцца і дбаць аб парадку на магілках сваіх блізкіх, і ўжо зусім святатацтвам з’яўляецца сітуацыя, калі на магілцы бліжняга – там, дзе зрэшты стаіць крыж, вернікі падносяць тосты і робяць іншыя непатрэбныя справы.

Але можа здарыцца так, што святыя месцы страцяць сваё асвячэнне або благаслаўленне. Калі гэта адбываецца? Кодэкс кананічнага права гаворыць, што святыя месцы страчваюць асвячэнне або благаслаўленне, калі, па-першае, большая іх частка будзе разбурана, напрыклад у выніку вайны, пажару або нейкага іншага здарэння, або яны перайдуць да сталага свецкага ўжытку або  дэкрэтам кампетэнтнага ардынарыя або фактычна – як гэта напрыклад рабілася ў часах Савецкага Саюза – у ардынарыяў ніхто не пытаўся – забіраць касцёлвы да свецкага ўжытку ці не – проста прыходзілі і забіралі будынак касцёла.

Касцёльная ўлада ў святых месцах свабодна ажыццяўляе сваю ўладу і абавязкі. Канешне, гэта свабода не абсалютная, касцёл заўсёды знаходзіцца ў нейкай дзяржаве, і ў пэўных пытаннях павінен захоўваць свецкае заканадаўства, аднак што датычыць святой паслугі, у святых месцах Касцёл свабодна павінен ажыццяўляць сваю ўладу і свае абавязкі. У наступнай нашай перадачы мы больш падрабязна пагаворым аб патрабаваннях, якія права ставіць да будынкаў касцёла, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.