2015-08-29 10:51:00

Святы Пасад не супраць флагу Палестыны ў ААН


Апостальская Сталіца скіравала паведамленне адносна ініцыятывы Палестыны па ўзняцці яе флага ў ААН. Палестынскі бок падрыхтаваў для прадстаўлення ў Генеральную Асамблею ААН праект рэзалюцыі, у якім гучыць прапанова ўзняць на тэрыторыі штаб-кватэры арганізацыі не толькі флагі яе 193 краін-членаў, але і краін-назіральніц, да якіх адносяцца Палестына і Святы Пасад.

Апостальская Сталіца, у спецыяльным паведамленні, адзначыла, што не ў праве ўплываць на падрыхтоўку праектаў рэзалюцый, але, у той жа час, нагадала, што згодна з традыцыяй, у ААН уздымаюцца толькі флагі краін-членаў арганізацыі.

“Згодна з правіламі Генеральнай Асамблеі, ніводная краіна-член ці краіна-назіральнік не мае права пярэчыць падрыхтоўцы праекту рэзалюцыі з боку іншай краіны-члена. У гэтым кантэксце Апостальская Сталіца не супраць прадстаўлення праекту рэзалюцыі, якая тычыцца ўзняцца флагаў краін-назіральніц у сядзібе і прадстаўніцтвах ААН”, - гаворыцца ў ватыканскім дакуменце.

“Святы Пасад, аднак, прымае да ведама практыку і традыцыю ААН, якая ўстанавілася ў 1945 г., згодна з якой толькі флагі краін-членаў вывешваюцца ў сядзібе і прадстаўніцтвах ААН”. Святы Пасад прыме любое рашэнне, якое ААН пажадае прыняць у будучыні адносна гэтага пытання, падкрэсліваецца ў ватыканскім паведамленні.








All the contents on this site are copyrighted ©.