2015-08-27 10:17:00

Пантыфіку расказалі пра сітуацыю іракскіх бежанцаў


Святы Айцец пачуў сведчанне аб сітуацыі іракскіх хрысціян. Ім падзяліўся з Пантыфікам айцец Самір Юсіф, халдэйскі святар, які на працягу доўгага часу нёс служэнне ў Масуле, а пасля захопу гэтага гораду джыхадзістамі, пачаў душпастырскую дзейнасць у горнай мясцовасці Амадыяк, на мяжы з Турцыяй. Кароткае спатканне Папы і святара адбылося пасля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 26 жніўня 2015 г. Святар прадэманстраваў Пантыфіку альбом з фотаздымкамі, якія апавядаюць аб драме іракскіх вернікаў, пакутуючых ад пераследу тэрарыстаў так званай “Ісламскай дзяржавы”.

“Катастрофа, якую мы перажываем мае апакаліптычнае вымярэнне. Але вера нашых людзей моцная, як ніколі, а супольныя пакуты яднаюць хрысціян розных канфесій”, - адзначыў ён. Святар падзякаваў Святому Айцу за матэрыяльную дапамогу, а таксама за частыя напаміны аб лёсе людзей, якія падвяргаюцца пераследу з боку джыхадзістаў. “Дзякуючы таму, што Папа адкрыта кажа аб нас, мы не сталі часткай чарговага забытага канфлікту і адчуваем моцную салідарнасць”, - падкрэсліў ён.

На тэрыторыі парафіі, пробашчам якой з’яўляецца айцец Самір Юсіф у цяперашні час знаходзіцца каля 5 тыс. бежанцаў, якім неабходна забяспечыць харчаванне, медыцынскую дапамогу і жыллё. “Я распавёў Пантыфіку, што іракцы чакаюць яго візіту. Нам неабходна, каб ён умацаваў нас у веры і ўліў у нашы сэрцы новую надзею”, - сказаў святар пасля сустрэчы з Францішкам. 

Айцец Самір адзначыў, што працягвае верыць у магчымасць вяртання міру ў Ірак. “Зараз цяжка, але мы жадаем застацца на гэтай зямлі, на якой жывем з часоў узнікнення хрысціянства. Я веру, што жыццё ў згодзе і справядлівасці дагэтуль магчыма”, - падкрэсліў іракскі святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.