2015-08-27 15:20:00

Велізарны партрэт Пантыфіка ствараецца ў Нью-Ёрку


Велізарны партрэт папы Францішка будзе ўпрыгожваць цэнтр Нью-Ёрка падчас яго візіту ў ЗША. Група вулічных мастакоў пачала стварэнне выявы Пантыфіка на сцяне аднаго з хмарачосаў прэстыжнай Восьмай Авеню на Манхэтэне – вуліцы, на якой знаходзяцца некалькі буйных музеяў і пражывае шэраг сусветна вядомых кінаакцёраў і музыкантаў. Партрэт Святога Айца мастакі ствараюць уручную. Яго вышыня – 70 метраў. Францішак будзе намаляваны вітаючым вернікаў на фоне Бруклінскага маста і дзяржаўнага флага ЗША. Сваю працу аўтары плануюць скончыць цягам аднаго тыдня. 

Папа Францішак наведае Нью-Ёрк 24-25 верасня 2015 г. Тут ён сустрэнецца з мясцовым духавенствам, выступіць перад Генеральнай асамблеяй ААН, наведае мемарыяльны комплекс “Ground Zero”, узведзены ў памяць аб тэрарыстычным акце 11 верасня 2001 г., сустрэнецца з дзецьмі і сям’ямі мігрантаў і ўзначаліць св. Імшу ў зале “Медысан-Сквер-Гардэн”.








All the contents on this site are copyrighted ©.