2015-08-27 11:32:00

Больш за 3 мільёны ўдзельнікаў аўдыенцый з Францішкам


Агульная аўдыенцыя 26 жніўня 2015 г. была сотай у бягучым пантыфікаце. Яна стала нагодай да падліку ўдзельнікаў усіх ста сустрэч з Пантыфікам, якія ён праводзіць па серадах. У іх прынялі ўдзел 3 147 600 зарэгістраваных рымлян, пілігрымаў і турыстаў, паведаміла газета “L’Osservatore Romano”, спасылаючыся на Прэфектуру папскага дома.

Газета адзначыла, што да канца 2013 г., за 9 месяцаў з выбару папы Францішка, адбылося 30 агульных аўдыенцый, у якіх прынялі ўдзел 1 548 500 чалавек, у той час, як у 43 такога роду спатканнях у 2014 г. – 1 199 000, а з пачатку гэтага года на 27 сустрэч з Папам прыйшлі 400 тыс. асоб. У аўдыенцыі 26 жніўня прынялі ўдзел больш за 10 тыс. вернікаў.

Варта нагадаць, што на працягу больш чым 26 гадоў свайго пантыфікату св. Ян Павел II правёў 1 165 агульных аўдыенцый (тысячная прайшла 1 жніўня 2001 г.), з удзелам амаль 17 700 000 пілігрымаў з усяго свету. Папярэднік Францішка, Бэнэдыкт XVI з 2005 г. па 2013 г. правёў 348 агульных аўдыенцый, для ўдзелу ў якіх зарэгістравалася 5 116 600 вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.