2015-08-27 15:02:00

90-гадовы юбілей вядомага ватыканскага кардынала


Кардынал Андрэа Кардэра Ланца дзі Монтэцэмала, былы ватыканскі дыпламат, адзначае 27 жніўня 2015 г. свой 90-гадовы юбілей. Павел VI ў канцы 1976 г. прызначыў тады яшчэ дыяцэзіяльнага святара з Турына сакратаром Папскай рады “Iustitia et Pax”. Але ўжо ў 1977 г. арцыбіскуп Монтэцемала стаў Апостальскім нунцыем у Папуа-Новай Гвінеі, у 1994 г. – у Ізраілі, а затым з 1998 г. – у Італіі і Сан-Марына. Кардынальскую годнасць яму надаў дзевяць гадоў таму Бэнэдыкт XVI.

Дыпламатычнае служэнне іерарха у Ізраілі прыйшлося на перыяд так званай першай інтыфады і крызісу ў Персідскім заліве. З выхадам на пенсію ў 2001 г. яго актыўная кар’ера не была скончана. Ян Павел II даручыў яму рэарганізацыю адміністрацыйна-пілігрымковай структуры рымскай базылікі св. Паўла за Мурамі. А калі праца была завершана, Бэнэдыкт XVI прызначыў яго ў 2005 г. арцыпрэсбітэрам базылікі. Іерарх прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Года св. Паўла ў Каталіцкім Касцёле. Пасля яго завяршэння, ён адышоў ад актыўнай дзейнасці, каб прысвяціць час сваім захапленням – архітэктуры і геральдыцы. Ён стварыў гербы для многіх біскупаў, а таксама для Бэнэдыкта XVI. Два гады таму ён выдаў кнігу: “Даведнік па касцёльнай геральдыцы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.